Егіпет адмовіўся адкрыць бяспечны калідор для ўцекачоў з сектара Газа, патлумачыўшы гэта жаданнем «абараніць іх права адстойваць сваю справу і сваю зямлю», паведамляе Reuters.
Улады Егіпта абмяркоўваюць з ЗША і іншымі краінамі дастаўку гуманітарнай дапамогі ў сектар Газа, аднак адмаўляюцца адкрыць калідоры для палестынскіх уцекачоў — пра гэта агенцтву расказалі крыніцы з егіпецкай службы бяспекі.
У Егіпце, які часта выступаў пасярэднікам падчас палестынска-ізраільскіх канфліктаў, настойваюць на тым, каб абодва бакі знаходзіліся ва ўласных межах. На думку егіпецкіх уладаў, для палестынцаў гэта адзіны спосаб адстаяць права на дзяржаўнасць.
Пры гэтым, як паведамляе Axios, улады Егіпта гатовыя адкрыць праход для замежных грамадзян, якія застаюцца ў сектары Газа.
Раней дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван паведаміў пра перамовы з уладамі Ізраіля і Егіпта наконт вывазу з сектара Газа цывільных асобаў. Гэтыя кансультацыі працягваюцца, пацвердзіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
Адзіны памежны пераход паміж сектарам Газа і егіпецкім Сінайскім паўвостравам — Рафах, усе астатнія вядуць у Ізраіль. Пасля нападу ХАМАС на Ізраіль усе памежныя КПП былі закрытыя.
Тым часам у ААН сцвярджаюць, што анклаў сутыкнецца з сапраўднай гуманітарнай катастрофай, калі не будуць адкрытыя бяспечныя калідоры для дастаўкі дапамогі, уключаючы ваду, медыкаменты і прадукты харчавання. Там адзначаюць, што ў найбліжэйшыя гадзіны ў сектары Газа скончыцца бензін, перастануць працаваць бальніцы, а калі гэта будзе доўжыцца яшчэ два тыдні, у рэгіёне не застанецца харчавання.
Нагадаем, 9 кастрычніка міністр абароны Ізраіля Ёаў Галант аддаў загад пра поўную блакаду сектара Газа. Здымаць яе не будуць, пакуль ХАМАС не адпусціць усіх закладнікаў, захопленых падчас уварвання 7 кастрычніка.
На гэты момант недахоп харчавання, паліва, электрычнасці і вады адчувае больш за 2,2 мільёна жыхароў Газы. Такія звесткі прыводзіць Руская служба Бі-бі-сі.
Паводле звестак на 12 кастрычніка, у выніку нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка загінулі 1300 чалавек, каля 3300 жыхароў атрымалі раненні. У адказ Ізраіль нанёс масіраваныя ўдары па ваенных цэлях у сектары Газа. Палестынскія ўлады паведамлялі 11 кастрычніка пра 1200 загінулых жыхароў і 5600 пацярпелых.