Міжнародны суд ААН у Гаазе пачаў слуханні па пазове Украіны супраць Расіі пра парушэнне канвенцыі аб генацыдзе, паведамляецца на афіцыйным сайце суда.
Слуханні будуць праходзіць з 18 па 27 верасня. Спачатку выступіць расійскі бок, пасля — Украіна. Потым суд выслухае яшчэ 32 дзяржавы, якія падалі заявы пра ўдзел у справе. У іх ліку — Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Балгарыя, Германія, Данія, Канада, Нідэрланды, Фінляндыя, Чэхія, Швецыя і іншыя.
У сваім пазове Кіеў патрабуе прыцягнуць Маскву да адказнасці за скажэнне паняцця «генацыд» для апраўдання нападу на Украіну. Расія спрабуе растлумачыць напад тым, што нібыта спрабавала перадухіліць генацыд на ўсходзе Украіны. Кіеў адхіліў гэтае сцверджанне, заявіўшы, што Канвенцыя ААН 1948 года аб генацыдзе не дапускае ўварвання з мэтай перадухілення генацыду, піша The Insider.
У сакавіку 2022 года Міжнародны суд ужо адзначыў у ліку сваіх забяспечвальных мер, што «Расійская Федэрацыя мусіць неадкладна прыпыніць ваенныя дзеянні, пачатыя ёю 24 лютага 2022 года на тэрыторыі Украіны».
Расія не пагадзілася з гэтым загадам, бо канвенцыя не рэгулюе ўжывання сілы паміж дзяржавамі. Яна вылучыла «папярэднія пярэчанні» супраць юрысдыкцыі суда і непрымальнасці заявы.