Кіеўская гарадская клінічная бальніца № 1 — адна з найбуйнейшых медыцынскіх установаў Украіны. Яна месціцца на левым беразе Дняпра, непадалёк — аб’екты крытычнай інфраструктуры, што апошнія паўгода падвяргаюцца масіраваным ракетным абстрэлам. Мы пабывалі ў гэтай бальніцы і пагаварылі з медыкамі пра боль і надзею. Вось іх маналогі.
«Людзі страчваюць магчымасць гаварыць і есці»

— Спачатку было псіхалагічна цяжка гэта ўспрыняць. Але ж яно нарастае: спачатку прывозяць аднаго, двух, трох, а потым, калі ўсё больш і больш, такія аперацыі робяцца руціннымі, ты іх робіш практычна кожны дзень і ўцягваешся ў працэс. Дзякуй Богу, не п’ю, не куру, проста псіхалагічна стрымліваюся, — гаворыць загадчык аддзялення сківічна-тваравай хірургіі Дзяніс Чарнагорскі. — У рэаніматолагаў яшчэ горшая сітуацыя. Бо ў нас пацыенты хаця б больш-менш функцыянальныя. А ў рэанімацыі бачаць, як чалавеку ўсё горш і горш, многія паміраюць, на жаль. Гэта, вядома, псіхалагічна цяжэй.
Родныя часта не разумеюць, чаму бяда здарылася менавіта з іх блізкім, чаму менавіта іх баец пацярпеў. Некаторыя могуць зрывацца, але робіш на гэта зніжку, бо разумееш, што чалавек у вельмі напружаным стане. Злавацца на сваяка, які можа выстаўляць прэтэнзіі табе, бо яму без медыцынскай адукацыі здаецца, што нешта не так у лячэнні, не мае сэнсу. Звычайна пасля добрай шчырай размовы такія пытанні адпадаюць. Сапраўды важна камунікаваць з людзьмі, тлумачыць.
Спачатку ўвогуле даводзілася, без перабольшання, жыць у шпіталі. З 24 лютага мы з калегамі 16 дзён былі ў аддзяленні: спалі, елі, працавалі. Прабачце за інтымныя падрабязнасці, скончыліся майткі і шкарпэткі, давялося пайсці ў краму побач набыць нешта падобнае, бо дабірацца дадому банальна не было часу праз вялікую колькасць блакпастоў, каменданцкая ж гадзіна яшчэ доўгая была. У нас нямала дактароў, якія жывуць у Кіеўскай вобласці, ім часу не хапіла б на дарогу. Я хоць і не так далёка жыву, усё адно не было сэнсу матляцца. Мой дом быў у такім месцы, дзе побач стаялі гаўбіцы «Піёны» на 203 мм, яны трымалі Броварска-Барыспальскі напрамак на 42 кіламетры. У маім шаснаццаціпавярховіку засталося 9 чалавек, бо вельмі гучна гэтыя гаўбіцы працавалі, немагчыма было спаць. Таму мне тут было спакайней. Кажуць, бальніца — наш другі дом, але часта нават і першы.
Вельмі гняце разуменне, што з кожным днём прывозяць усё больш параненых. Цяжкасць гэтых раненняў сапраўды скрайняя. Выпадкі, што апісваліся ў літаратуры, не закраналі такой спецыфікі. Цяпер найперш — вайна артылерыіі. Таму вельмі шмат мінна-выбуховых пашкоджанняў, што закранаюць пярэднюю частку чэрапа, мазгавую частку. А твар — яго ж не прыкрыеш ні бронекамізэлькай, ні каскай. Пры артылерыйскіх атаках ён не абаронены і вельмі моцна цярпіць. Таксама складанасць у тым, што сківічна-тваравы ўчастак даволі мускулярызаваны, моцна забяспечваецца крывёй. Таму раненні менавіта ў гэтай вобласці маюць высокую лятальнасць і ўвогуле не вельмі спалучаюцца з жыццём. Яны не бываюць лёгкімі і заўжды суправаджаюцца стратай функцый: магчымасці размаўляць і прымаць ежу. Калі ў пацыента няма носа, шчакі ці ніжняй сківіцы, то, напрыклад, есці даволі складана. Такія людзі вельмі пакутуюць, а іх колькасць расце з кожным днём.
Дзякуй Богу, большасць у нас выжывае. Але трэба ўлічваць, што яны сюды трапляюць ужо на другасную дапамогу — стабілізацыя адбываецца ў вайсковых шпіталях. Мы спрабуем сабраць раструшчаныя косткі твару, закрываем дэфекты, умоўныя дзіркі ад раненняў, каб хоць часткова вярнуць функцыі — магчымасць дыхаць і есці.
Ёсць вельмі шмат розных гісторый ад пацыентаў. Напрыклад, хлопцы прайшлі замініраванні, у акопах былі ў найгарачэйшых месцах. А паехалі ў невялікі адпачынак, і ўжо побач з зонай баявых дзеянняў на іх выпадкова натрапілі дроны і паскідалі выбухоўку. У выніку проста жахлівыя пашкоджанні.
Вельмі страшныя гісторы са снайперамі: людзі, якія перажылі агнястрэльныя раненні ад іх, як правіла, застаюцца ў свядомасці, але разумеюць, што не маюць фрагменту сківіцы. Звычайна ўсе такія гісторыі пачынаюцца з «на секунду вызірнуў з акопа» або «паглядзеў з-за кута». То-бок снайперы пільнуюць і чакаюць, пакуль нехта зробіць памылку. На жаль, такіх памылак даволі шмат, і далёка не заўжды так шанцуе, што чалавек увогуле застаецца жывы.
У бальніцы людзі вельмі моцна пераацэньваюць жыццё. Усе праблемы і нягоды, якія былі ў іх да гэтага, адходзяць на другі план, калі няма рукі, нагі ці часткі сківіцы. Я вельмі добра запомніў гасторыю амаль цалкам апечанага пацыента. У яго было каля 70% цела ў апёках. Але ён выглядаў нашмат шчаслівейшым, чым большасць пацыентаў, у якіх было звычайнае агнястрэльнае раненне. Я яго пытаю: «Як ваш псіхасаматычны стан?» Ён кажа: «Няблага. Мы ехалі ў танку, яго падбілі, і ўсе мае чатыры падбрацімы згарэлі жыўцом, а я выжыў. Дык усё яшчэ не магу паверыць, што жывы».
«Побач ляжаць тэлефоны, каб уключыць ліхтарыкі і не спыняць аперацыю»

— Мабыць, найскладанейшымі былі першыя месяцы вайны, калі Кіеў быў пусты. Калі засталіся салдаты, медыкі, камунальнікі. Скажам так, самыя простыя катэгорыі людзей, — расказвае загадчык аддзялення траўматалогіі Аляксандр Мартынчук. — Мала хто ведаў, што трэба рабіць. Аказаліся ў сітуацыі, дзе не чакалі такіх падзей. Але калі ўсё гэта адбылося, а сёмай гадзіне раніцы ўвесь медперсанал аддзялення быў тут.
Мы прынялі рашэнне дзяжурыць па некалькі сутак. І так па зменах мяняліся. Дапамагалі валанцёры: прывозілі ежу і нам, і пацыентам. 24-га аперавалі па плане пацыентку з пераломам сцягна, на наступны дзень яе ўжо забралі дадому. Але гэтую аперацыю я добра запомніў: мы працуем, а вакол усё выбухае, гудзе. Побач з намі ляжаць тэлефоны, каб уключыць ліхтарыкі ў выпадку знікнення святла і не спыняць аперацыю. Такое было і адносна нядаўна. Пакуль не ўключыўся запасны генератар, трымалі проста над аперацыйным сталом тэлефонныя ліхтарыкі.
У мяне своеасаблівая рэакцыя на стрэс — я, наадварот, больш канцэнтруюся. Няхай бы нават выбух пад акном прагрымеў — мы б усё адно скончылі тую аперацыю.
Мае супрацоўнікі не баяліся ехаць на працу, калі Кіеў быў у аблозе, звычайныя санітарачкі, медсёстры — людзі з найменшым заробкам — ехалі з вобласці праз небяспеку, каб працаваць. Камусьці было страшна. Мы сядзелі, размаўлялі, нехта плакаў. Але не маглі сабе дазволіць расслабіцца.
У маёй спецыялізацыі ёсць вялікі плюс: вельмі дакладна і даволі хутка бачны вынік. Калі пацыент паступае з пашкоджаным суставам, амаль не можа рухацца, то ў выніку аператыўных умяшанняў ён можа пачаць хадзіць натуральна праз некалькі дзён, практычна без болю. Гэта крута, калі бачыш слёзы радасці на вачах людзей, якім дапамог.
Але людзі, пацярпелыя ад баявых дзеянняў, маюць значна цяжэйшыя пашкоджанні і траўмы. Так, мэта — максімальна аднавіць чалавека, але ёсць рэчы, якім мы не можам даць рады. Калі чалавек страціў нагу падчас выбуху або, не дай Бог, абедзве канечнасці, ты разумееш, што ён застанецца знявечаным. Пасля абыходу аддзялення, шчыра кажу, магу сесці і заплакаць.
Цяпер мы, вядома, зробім усё, што ад нас залежыць, і нават больш. Калі каму-небудзь з вайскоўцаў, што цяпер ляжаць у аддзяленні, тэрмінова спатрэбіцца нейкі прэпарат, якога няма ў бальніцы, то я ведаю, што мае дактары пабягуць і купяць яго за свае грошы — гэта наш унёсак у перамогу. Тое, што мы сядзім тут у Кіеве ў адносным спакоі, — гэта ўсё дзякуючы нашым хлопцам. Танкі, «хаймарсы» нічога не зробяць, калі няма людзей. Але я вельмі баюся, што пасля заканчэння вайны людзі стомяцца ад гэтых хлопцаў-ветэранаў, што яны застануцца нікому не патрэбныя.
Пакінуць працу на працы і адпачываць дома мне не ўдаецца. У многіх дактароў такое: калі прыязджаем дадому, нашыя родныя нас не любяць. Бо мы пачынаем гаварыць пра працу, пра тое, што ў нас было. Нам таксама трэба недзе выгаварыцца. Не заўсёды нават блізкія могуць зразумець. Медыцына — даволі спецыфічная сфера, да таго ж не варта забываць пра прафдэфармацыю. Часам дактары могуць падавацца жорсткімі, нібыта мы не спачуваем людзям. Насамрэч мы вельмі спачуваем кожнаму, але не можам сабе дазволіць гэта паказаць. Калі сядзем побач з пацыентам і будзем шкадаваць яго, то лячэнне спатрэбіцца ўжо і самому доктару.
Я часта бяру паперы дадому, там жа чакае стос літаратуры, якую я мушу прачытаць. І не для таго, каб экзамен здаць, а для сябе, каб працаваць якасна. Адпачынак яшчэ ў цывільны час выглядаў так: першыя пяць дзён я адсыпаюся і чытаю мастацкую літаратуру. Але за гэты час мне робіцца нудна. Таму я магу паехаць на працу альбо даць кансультацыі ў прыватнай клініцы. Праца вельмі хутка вяртаецца на сваё месца і запаўняе пустэчу адпачынку. Мне сумна без працы. Пяць дзён мне нічога не сніцца, з шостага — аперацыйная, прыёмы.
Сябры ведаюць, што мяне заўсёды можна знайсці на працы. З аднаго боку, гэта прыемна, але з іншага — я стаў для іх занадта прадказальным і нудным. Магу сказаць, што ганаруся сваёй працай, працай нашай бальніцы агулам і ўвогуле кіраўніцтвам нашай краіны. Натхніла, што ключавыя фігуры засталіся ў Кіеве. Таму калі ад нас патрабуюць нават больш, чым часам трэба, мы бачым, што кіраўніцтва мае на гэта права, бо яны самі паказваюць прыклад годнай працы.
Асабіста я дазволю сабе расслабіцца, калі мы пераможам. Вазьму адпачынак і паеду з дзецьмі па Украіне. Абавязкова па тых гарадах, што найбольш пацярпелі ад гэтай навалы. Каб запомніць, каб мой сын перадаў сваім дзецям, каб гэтае зло не забылася. Бо за савецкім часам нас вельмі моцна абалванілі, выбілі памяць з галоваў. Людзі з захаду Украіны — усё ж большыя ўкраінцы ў пэўным сэнсе. Не хачу нікога абразіць, але ім бабулі, дзядулі расказвалі… Мы мусім памятаць нашую гісторыю. Пакуль будзе жывы хоць адзін украінец, будзе жыць Украіна.
«Стараюся не паказваць эмоцый, а душа ж разрываецца»

— Вельмі люблю сваю працу, я ж усё жыццё ў медыцыне, ніякай іншай работы для мяне няма, — расказвае старшая сястра аддзялення хірургічнай рэанімацыі Валянціна Цімербакова, якая займае гэтую пасаду больш за 20 гадоў. — У нас такое аддзяленне, што ўвесь час вельмі цяжкія хворыя тут, і да вайны таксама былі. А цяпер дадаліся вайскоўцы, якія нас абараняюць, адстойваюць нашую краіну. Вядома, яны атрымліваюць траўмы, вельмі цяжкія. Летам не было столькі хворых салдат, а вось па восені пайшлі параненыя па ўсіх аддзяленнях. Я з імі няшмат размаўляю, проста часу няма. Да таго ж шмат хто з іх ўвогуле не можа размаўляць — яны на апаратах, там бы жыццё зберагчы.
Запомніўся вайсковец — ён паступіў адным з першых. Яму недзе за 40 было, сам з Івана-Франкоўшчыны, увесь у асколачных раненнях. Прыходзілі ўвесь час і жонка яго, і маці. Я сама падыходзіла да яго пастаянна, казала: «Мы вам вельмі ўдзячныя, што вы так стаіце, як кажуць, насмерць». І слёзы прабіралі, і плакала…
Вельмі цяжка маральна. Разумею, што да нас прывозяць тых, хто ўжо атрымаў першасную дапамогу ў вайсковых шпіталях… А ўявіце, што там робіцца, калі прывозяць менавіта з поля бою. Мы і раней на працы ўвесь час бачылі жахлівыя моманты, але цяпер траўмы і раны немагчыма ні з чым параўнаць. Нельга спакойна на гэта глядзець. Я магу плакаць, і даволі часта. Але ж у мяне такая пасада, што я мушу трымаць калектыў у тонусе, таму стараюся не паказваць эмоцый, а душа ж разрываецца.
Я асабіста не верыла, што будзе вайна. Усіх спыняла, казала: «Людзі добрыя, ды не можа такога быць!» І калі прыйшла на працу 24 лютага, да мяне ўсе сёстры, санітаркі бягуць і не распранаюцца, пытаюць, што рабіць — вайна ж. Я іх супакойваю, кажу, што ўсё добра. Сама пабегла да загадчыка, бо ўсё яшчэ не верылася. Патроху супакоіліся, распрануліся, селі за працу. І акурат у гэты момант чую крыкі: «Самалёт, самалёт ляціць!» Падыходжу да акна — і сапраўды: проста над нашай бальніцай стралою пралятае, ды з такім гукам страшным. Я як стаяла, так і стаю, а медсястрычка з перапуду проста ўпала на падлогу. Жанчына, здавалася б, ва ўзросце, а так спалохалася. Усё сціхла, а мы за працу, і так да сёння. Было такое, што мы тут начавалі па некалькі дзён. Нельга сказаць, што гэта нармальна, але асабіста мне было спакайней тут, з калектывам, чым дома ў чатырох сценах.
Вядома, мы ўсе ў такім эмацыйным стане, што не можам прыйсці да думкі, наколькі звязаныя адно з адным. У мяне ў Беларусі няма нікога, але муж мой родам з Краснаярскага краю. Ездзілі туды ў свой час, там усё нармальна было, з людзьмі камунікавалі, хто б мог падумаць… У мяне супрацоўнікі таксама маюць шмат родных і ў Маскве, і ўвогуле ў Расіі.
Цяпер ніхто не камунікуе з імі, ніхто. Самыя родныя людзі аказаліся ворагамі, яны нават не спрабуюць зразумець нашую сітуацыю. Кажуць, што гэта мы — Украіна — пачалі, што мы тут нацысты ўсе, дзяцей тут ямо. Я не магу нават уявіць, адкуль у іх такая неадэкватная свядомасць. ХХІ стагоддзе, столькі ж сродкаў інфармацыі розных, можна прачытаць, дазнацца праўду…
Я асабіста вельмі хачу і вельмі чакаю, што перамога будзе хутка, супакойваю ўсіх супрацоўнікаў. Часам яны нават просяць: «Уладзіміраўна, зайдзіце да нас, пагутарым: вы калі нам нешта раскажаце, на душы лягчэй». Таму трэба пазітыўна глядзець у будучыню. Тут я аптымістка.
«Я не думаю, што заўтра мы прачнёмся — а вайны ўжо няма»

— Напэўна самы складаны час цяпер, — прызнаецца загадчык аддзялення анестэзіялогіі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі Віталь Карчак. — Таму што менавіта цяпер да нас паступае вельмі шмат параненых. У першыя дні вайны людзей прывозілі досыць мала, з імі цалкам спраўляліся вайсковыя шпіталі, а цяпер дастаецца і нам. Фактычна штотыдзень цягнікамі адпраўляюць да нас параненых.
Я штодня іду ў бальніцу са звычайным працоўным настроем, але, вядома, бянтэжыць абстаноўка навокал: адключэнні святла, перабоі з вадой, трывогі. То-бок ты ўвесь час у лёгкім стрэсе, разумееш, што жывеш у краіне, якая ваюе, няма пэўнасці, што будзе з табой і тваёй сям’ёй сёння, заўтра… Не ведаеш, колькі зноў прыбудзе хворых. Планаванне жыцця, да якога мы прывыклі, ужо немагчымае. Таму стан пастаянна крыху разгублены, але я ўжо да гэтага прывык.
Сілаў дадае ў першую чаргу добра зробленая праца, калі ты дапамог людзям, калі яны выжываюць. У маім выпадку яны не выпісваюцца, а пераводзяцца ў хірургічнае, траўматалагічнае аддзяленні. Калі бачыш свой поспех, гэта натхняе. Вось сустракаеш дзесьці у калідоры хворага, які быў вельмі цяжкі, без упэўненасці, што выжыве, а тут ён стаіць на нагах.
На побытавым узроўні я абсалютна нармальна стаўлюся да ўсіх людзей. Казаць, што беларусы вінаватыя, што іх кіраўніцтва нелегітымнае і прадажнае? Ну, беларусы, уласна кажучы, выбралі іншага прэзідэнта, тое, што ён [Лукашэнка] з дапамогай расіян утрымаўся ва ўладзе, — гэта ж не віна ўсіх на свеце беларусаў. Я не ведаю, як можна вінаваціць людзей. Калі ўзяць аналогію Другой сусветнай вайны: што, трэба было ўсіх немцаў расстраляць за тое, што яны чынілі? Павесілі ж кіраўнікоў, прапагандыстаў нацызму, тых, хто аддаваў злачынныя загады. Да такіх людзей я кепска стаўлюся. А лічыць, што ўсе беларусы ці нават усе расіяне — скаты… у мяне такога няма. Я лічу, што ў пэўнай меры ўсе людзі — божыя стварэнні і заслугоўваюць лепшага жыцця, чым тое, якое пражываюць у сваёй краіне. Усе мы ў нечым вінаватыя, але ніякага кепскага стаўлення ў цэлым у мяне няма да ніводнай нацыі.
Ні пра якія расчараванні не даводзіцца думаць. Каб жыць у наш складаны час, каб працаваць — трэба ісці наперад, выконваць свае абавязкі, дапамагаць людзям з пазітывам. Вядома, ёсць удачы і няўдачы, бываюць непаразуменні, часам разлічваеш на тое, што цябе пахваляць за выкананую работу, а табе выстаўляюць прэтэнзіі. Гэта нашае жыццё. Мы не звяртаем увагі на ўсялякія дробязі. А натхняюць нашыя людзі: самаадданасць, згуртаванасць — яно адчуваецца ва ўсім.
Аддаваць шмат часу прагляду навінаў проста фізічна не атрымліваецца. Напэўна, цяпер навіны больш дынамічныя і насычаныя, але часу на іх няма. Абсалютна ўпэўнены, што перамога будзе, як і ўсе, хачу, каб яна была як найхутчэй. Але, па шчырасці, пакуль не вельмі веру, бо ворага нельга недаацэньваць, не варта з яго смяяцца. Вораг яшчэ моцны, таму я не думаю, што заўтра мы прачнёмся — а вайны ўжо няма. Яшчэ паўгода-год працягнецца — такое маё бачанне.
«Мы рыхтаваліся і да хімічнай, і да ядзернай пагрозы, што ўжо казаць пра перабоі з электрычнасцю»

— Думаю, для кожнага ўкраінца найскладанейшы час быў 24 лютага, бо ніхто ўвогуле не думаў, што такое няшчасце можа здарыцца, — кажа галоўны доктар Кіеўскай бальніцы № 1 Аляксандр Іванько, які займае гэтую пасаду з 2015 года. — Упэўнены, для кожнага чалавека гэта быў шок — фізічны, псіхалагічны, эмацыйны. Як такое ўвогуле можна ўсвядоміць? Пакуль расіяне стаялі пад Кіевам, мы не ведалі, што будзе сёння, не тое што заўтра… Як будзем працаваць, як увогуле будзем жыць?
Я вельмі добра памятаю 10 кастрычніка 2022 года — першая сапраўды тэрарыстычная атака. Але мы ўжо шмат месяцаў жылі ў ваеннай рэчаіснасці, таму скажу без крывадушнасці: і кіраўніцтва нашае медыцынскае, і кіраўніцтва горада, і ваенная адміністрацыя пастаянна рыхтаваліся да любога развіцця падзей, таму мы ў пэўнай ступені былі гатовыя да такога. Мы рыхтаваліся і да хімічнай, і да ядзернай пагрозы, што ўжо казаць пра перабоі з электрычнасцю. Немагчыма прадбачыць усё, але ў такі час нельга не дбаць пра заўтрашні дзень і новыя магчымыя пагрозы. Дык вось тая праца была недарэмнай — мы выстаялі, не прыпынілі працу ні на гадзіну.
Нягледзячы на тое, што ў пачатку ўварвання многія выехалі з Кіева, колькасць зваротаў да нас не зменшылася. Змянілася іх структура. У першую чаргу гэта неадкладныя звароты: велізарная колькасць інсультаў і інфарктаў, яны ўзраслі ў разы. Бо вайна — гэта стрэс. Мы разумеем, што падчас ваенных дзеянняў расце напружанне для людзей сталага ўзросту, самага неабароненага пласта насельніцтва не толькі ў матэрыяльным, але і ў псіхаэмацыйным плане.
Усе дактары — ваеннаабавязаныя, у нас некалькі чалавек у першыя ж дні паехала ў гарачыя месцы, гэта было іх уласнае жаданне. Цяпер вось доктар паехаў на ўсход: узяў адпачынак на месяц і паехаў там дапамагацт. Медсёстры таксама. Вось на мінулым тыдні вярнулася анестэзістка з усходу.
Не сумняваюся, што ў кожнага доктара і медыцынскага работніка ёсць жаданне паехаць дапамагаць менавіта ў самых гарачых месцах, але варта разумець, што тут таксама вельмі шмат працы, тут таксама неабходна дапамагаць. Мне складана як кіраўніку, напрыклад, дазваляць людзям туды ехаць: я не адмаўляю, але ж я не магу ўсю бальніцу туды адправіць, бо мы і тут патрэбныя. Украіна — гэта і перадавая, дзе гінуць нашыя найлепшыя хлопцы і дзяўчаты, гэта і горад Кіеў як сталіца, гэта і любая вёска ў тыле, якая корміць нас.
Я як кіраўнік мушу ў першую чаргу сваім прыкладам людзей заахвочваць, каб зберагаць спакой, працаваць, у любых абставінах заставацца прафісіяналам. Я таксама аперую, лячу пацыентаў, стараюся не даваць волю эмоцыям. Спадзяюся, гэта ўплывае на маіх падначаленых. Напрыклад, мяне натхняе мой кіраўнік. Яна працавала і працуе, па сутнасці, дваццаць чатыры на сем з самага пачатку вайны, я гэта бачу і адчуваю.
Людзям складана, але нашая прафесія мусіць быць больш стрэсаўстойлівай, чым іншыя. Так, мы не абароненыя перад вайной, як і ўсе іншыя людзі, але… Мы бачым пакуты, прафесійна дэфармуемся, але трываем, мусім быць прыкладам таго, як трымацца.
Як кіраўнік медыцынскай установы скажу, што нам вельмі шмат дапамагалі. Так, вайна ўвайшла ў кожнага чалавека, змяніла ўсё, але мы не так пацярпелі, як адчулі падтрымку — ад адміністрацыі і дзяржавы да простых людзей і прыватных фірмаў.
Аднак з самой вайной немагчыма змірыцца! Я нарадзіўся ў Херсонскай вобласці, там было шмат маіх аднакласнікаў, знаёмых. І трэба разумець, што там людзей амаль не засталося. У маім родным горадзе, Новай Кахоўцы, да вайны было 80 тысяч жыхароў, а цяпер — не больш за 5. Гэта мёртвыя гарады.
Ведаеце, я б хацеў, каб мы перамаглі ўчора. Вельмі спадзяюся, што хаця б сёлета. Самае каштоўнае, што можа быць у гэтым свеце, — гэта жыццё чалавека, а цяпер, на жаль, людзі гінуць. Адчуваю, што перамога будзе. Ведаеце, пасля 24 лютага нам напэўна ўжо нічога страшнага не будзе. Калі мы перажылі гэта, выстаялі, то ўжо ўсё вытрываем. Я сабе задаваў гэтае пытанне не тое што кожны дзень, а кожную гадзіну літаральна. Цяпер, можа, і не трэба яго задаваць. Лічу, што не трэба ў перамогу верыць: мы ж не верым, што сонца ўзыдзе раніцай, — гэта факт, верыш ты ці не. Тое самае і з нашай перамогай. Думаю, калі б падлічылі, колькі якіх словаў украінцы гаварылі апошнім часам, то найчасцейшым была б менавіта «перамога».