У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што «добраахвотнікі штурмавых атрадаў» захапілі ў Бахмуцкім раёне пасёлак Чырвоная Гара. У Генштабе паведамілі, што адбілі расійскія атакі каля населеных пунктаў у чатырох абласцях. У Інстытуце вывучэння вайны аналізуюць наратывы Крамля, скіраваныя на недапушчэнне паставак Захадам зброі Украіне.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 355-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: праціўнік нясе значныя страты
Расійскія войскі канцэнтруюць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім напрамках, паведамляе Генштаб УСУ.
— Праціўнік нанёс чатыры ракетныя ўдары і правёў 85 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках расіяне з мінамётаў і артылерыі абстралялі раёны 22 населеных пунктаў; на Бахмуцкім напрамку танкавым, мінамётным і артылерыйскім абстрэлам падвергліся 16 населеных пунктаў; на Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім напрамках — 25; на Запарожскім напрамку агнявому ўздзеянню падвергліся 11 населеных пунктаў; на Херсонскім напрамку пацярпелі Херсон і раёны 20 населеных пунктаў.
— За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі атакі расійскіх войскаў у раёнах населеных пунктаў Гранікаўка Харкаўскай вобласці; Крамянная і Белагораўка на Луганшчыне; Выемка, Фёдараўка, Васюкоўка, Бахмут, Іванаўскае і Кляшчэеўка Данецкай вобласці і Чыгуначнае на Запарожжы.
— Авіяцыя Сіл абароны Украіны за мінулыя суткі нанесла восем удараў па раёнах канцэнтрацыі праціўніка, а таксама тры ўдары па пазіцыях зенітна-ракетных комплексаў;
— Украінскія ракетчыкі і артылерысты нанеслі ўдары па 10 раёнах канцэнтрацыі жывой сілы, адной пазіцыі СПА і трох складах боепрыпасаў праціўніка.
У Генштабе таксама паведамілі, што для ўзмацнення контрдыверсійных мерапрыемстваў на акупаваныя тэрыторыі Херсонскай вобласці прыбылі каля 200 расгвардзейцаў. Іх рассялілі на тэрыторыі базы адпачынку «Чайка» ў населеным пункце Лазурнае, у самім пасёлку абмежавалі перамяшчэнне мясцовых жыхароў.
Ва ўкраінскім ваенным ведамстве таксама адзначаюць недахоп зімовага абмундзіравання ў расійскіх войсках, праз што са студзеня значна ўзрасла колькасць выпадкаў абмаражэння канечнасцяў сярод расійскіх вайскоўцаў.
«Так, у медыцынскіх установах Горлаўкі Данецкай вобласці колькасць пацыентаў з такім дыягназам складае да 30 працэнтаў ад усіх параненых», — заявілі ў Генштабе.
Мінабароны РФ: збілі шэсць рэактыўных снарадаў HIMARS
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў раёне горада Славянск Данецкай вобласці нанеслі ўдар па пункце рамонту і аднаўлення ўзбраення і ваеннай тэхнікі 95-й дэсантна-штурмавой брыгады УСУ.
— На Купянскім напрамку артылерыя «Заходняй» групоўкі войскаў нанесла паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Двурэчная, Крухмальнае, Гранікаўка, Цімкаўка Харкаўскай вобласці, а таксама Навасёлаўскае Луганскай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя звыш 30 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі і гаўбіца Д-20.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ў выніку агню артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Цэнтр» у раёнах населеных пунктаў Ямполаўка Данецкай вобласці, Чырвоная Дзіброва, Чырвонапопаўка, Кузьміно і Стальмахоўка Луганскай вобласці знішчаныя больш за 80 вайскоўцаў УСУ, тры баявыя браніраваныя машыны і гаўбіца Д-30.
— На Данецкім напрамку добраахвотнікі штурмавых атрадаў пры агнявой падтрымцы ракетных войскаў і артылерыі «Паўднёвай» групоўкі войскаў занялі населены пункт Чырвоная Гара Данецкай вобласці. Страты УСУ за суткі склалі звыш 150 вайскоўцаў, чатыры баявыя браніраваныя машыны, шэсць пікапаў і дзве гаўбіцы Д-30.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку артылерыя групоўкі войскаў «Усход» нанесла ўдар па вялікай колькасці жывой сілы і ваеннай тэхнікі УСУ ў раенах населеных пунктаў Прачыстаўка і Вуглядар Данецкай вобласці. Знішчаныя больш за 60 украінскіх вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, чатыры пікапы, адна гаўбіца Д-20 і дзве гаўбіцы Д-30.
— На Херсонскім напрамку ў рамках контрбатарэйнай барацьбы за суткі знішчаныя дзве баявыя машыны рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град» і дзве самаходныя гаўбіцы «Гваздзік».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 82 артылерыйскім падраздзяленням УСУ на агнявых пазіцыях, жывой сіле і ваеннай тэхніцы ў 126 раёнах. Збітыя шэсць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS, знішчаныя дзевяць беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны
Свежая зводка амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны прысвечаная аналізу расійскіх інфармацыйных кампаній, мэта якіх — стрымліванне заходніх паставак высокатэхналагічных сістэм узбраенняў і іншай ваеннай дапамогі Украіне.
Экспэрты адзначаюць, што Расія ўмела правяла мноства інфармацыйных кампаній за час перад паўторным уварваннем ва Украіну ў лютым 2022 года. У тым ліку ў падтрымку мінскіх пагадненняў, у якіх Германія і Францыя прызналі Расію пасярэднікам, а не бокам, які ваюе ва Украіне. Адміністрацыі Байдэна за некалькі месяцаў да пачатку вайны ўдалося сарваць некалькі расійскіх інфармацыйных кампаній, скіраваных на заахвочванне Украіны да капітуляцыі, аддзяленне яе ад Захаду. Аднак Расія аднавіла здольнасць праводзіць асобныя інфармацыйныя кампаніі ў падтрымку канкрэтных стратэгічных мэтаў і адаптаваць гэтыя кампаніі для змякчэння наступстваў няўдач на полі бою і стварэння ўмоваў для будучых запланаваных аперацый, кажуць аналітыкі.
У ISW кажуць, што Уладзімір Пуцін першапачаткова сам паверыў у распаўсюджаную ім заяву, што Захад, каб не сапсаваць адносіны з Расіяй, не стане дапамагаць Украіне. Аднак неўзабаве зразумеў, што памыляўся і што вайна зацягваецца. Пасля гэтага ён засяродзіўся на тым, каб падсілкоўваць меркаванні наконт небяспекі адпраўкі Украіне занадта вялікай колькасці тэхнікі або пэўных відаў тэхнікі.
Гэтыя расійскія інфармацыйныя кампаніі працягваюцца і маюць агульную мэту — перашкодзіць заходняй падтрымцы Украіны.
Сярод мэтаў гэтых кампаній эксперты таксама называюць:
— стварэнне ўмоваў для запланаваных расійскіх аперацый;
— змякчэнне няўдач Расіі ў буйных наступальных аперацыях.
Аналітыкі нагадваюць, як мянялася рыторыка РФ на розных этапах вайны.
— У пачатку ўварвання Расія распаўсюджвала наратыў, што мае «другія па велічыні ўзброеныя сілы ў свеце» з перадавым ваенным патэнцыялам, каб увесці Захад і Украіну ў зман, што любыя перакідванні ваеннай тэхнікі не маюць значэння, бо Украіна не зможа супрацьстаяць імкліваму разгортванню наступальных дзеянняў з розных напрамкаў і будзе ўразлівая для расійскай атакі.
— Пасля вываду расійскіх войскаў з Кіеўскай вобласці і перадыслакацыі на Данбас Крэмль пачаў перабольшваць важнасць кожнага тактычнага наступу. Гэты наратыў быў скіраваны на тое, каб дэмаралізаваць украінцаў і пераканаць Захад у няздольнасці Украіны супрацьстаяць нібыта пераважнай сіле праціўніка.
— Пасля разгромных ваенных няўдач у Харкаўскай вобласці ў верасні-лістападзе Расія пачала актыўна развіваць тэму што да рызыкі ядзернай эскалацыі, каб аднавіць стрымліванне і адгаварыць Захад ад адпраўкі Украіне матэрыяльных сродкаў, неабходных для працягу яе контрнаступленняў.
— Расійская інфармацыйная кампанія што да мірных перамоваў, якая актывізавалася ў снежні, была скіраваная, сярод іншага, на затрымку адпраўкі заходніх танкаў і іншай сучаснай тэхнікі, неабходнай для працягу ўкраінскіх механізаваных контрнаступленняў, каб стварыць умовы для ўласнага запланаванага наступу Расіі.
— Расія працягвае распаўсюджваць наратыў пра тое, што Украіна наўмысна будзе пагражаць ёй танкамі і дальнабойнай зброяй замест таго, каб надаваць першачарговую ўвагу вызваленню сваіх тэрыторый.
Эксперты ISW папярэджваюць, што РФ будзе прасоўваць усё больш такіх наратываў, і Захаду варта крытычна супастаўляць іх з рэаліямі на полі бою.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- войскі РФ працягваюць наступальныя аперацыі да паўночны захад ад Сватава, у раёне Крамянной, дзе адбылося 23 баявых сутыкненні, і ў раёне Бахмута, Аўдзееўкі і Вуглядара;
- украінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што расійскія сілы ў Херсонскай вобласці не маюць магчымасці пачаць поўнамаштабны наступ, што пацвярджае папярэднія ацэнкі ISW;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што Расія можа пабудаваць базу Чарнаморскага флоту ў акупаваным Марыупалі.