Нобелеўская лаўрэатка, пісьменніца Святлана Алексіевіч у інтэрв'ю праекту «Ток» на YouTube успомніла, як у яе ў гасцях бываў Віктар Бабарыка, які збіраўся удзельнічаць у выбарах прэзідэнта 2020 года, аднак не паспеў гэта зрабіць праз тое, што яго затрымалі, а пазней асудзілі на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Той прызнаваў, што на яго значна паўплывала загінулая жонка, што, на думку Алексіевіч, ад мужчыны рэдка можна пачуць.
Алексіевіч адзначыла, што яны з Віктарам Бабарыкам «трохі ведалі адно аднаго» яшчэ да кампаніі 2020 года. Той удзельнічаў у выданні кніг пісьменніцы.
— Часам ён прыходзіў да мяне ў госці, а потым, калі сыходзіў, я шмат думала пра яго. Таму што ён заўсёды гаварыў так добра. Калі я заўважала, наколькі дакладныя нейкія яго думкі, ён казаў: «Гэта з мяне зрабіла жонка». Ці шмат беларускіх мужчын скажа гэта? — задалася пытаннем Алексіевіч.
Раней «Люстэрка» расказвала пра жыццё і кар’еру Віктара Бабарыкі да яго намеру стаць прэзідэнтам Беларусі. У прыватнасці, мы згадвалі, што менавіта яго жонка Марына Бабарыка адыграла важную ролю ў захапленні мужа мастацтвам. Нагадаем, у 2017-м яна трагічна загінула на партугальскай Мадэйры, займаючыся дайвінгам. Сужэнцы паспелі пражыць у шлюбе амаль 30 гадоў.
Са словаў Алексіевіч, нягледзячы на тое, што ў Бабарыкі было «цікавае мысленне», яна не ведала, што той «здольны на такі парыў» [абвясціць пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах]. Тады вядоўца «Ток» Анастасія Роўда адзначыла, што некаторыя лічаць: калі б Марына Бабарыка была жывая, яе муж не пайшоў бы на гэтую рызыку.
— Цяжка сказаць. Ва ўсякім выпадку ён казаў, што «яна з мяне зрабіла тое, што вы бачыце і ведаеце», — адказала Алексіевіч.
Чытайце таксама