Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. У культового американского музыканта, получившего Нобелевскую премию, нашли беларусские корни
  2. Качанава абурылася ахвяраваннем правоў дзеля палітыкі, але не ўспомніла пра рэпрэсіі ў Беларусі
  3. Погибший в Брестском районе при взрыве боеприпаса подросток совершил одну из самых распространенных ошибок. Что именно произошло
  4. ВСУ нанесли удар по важнейшему для России заводу. Рассказываем, что он производит
  5. По госТВ рассказали, как задержали экс-калиновца Максима Ралько. Похоже, он сам вернулся в Беларусь
  6. Темпы российского продвижения в Украине неуклонно снижаются с ноября 2024 года. В ISW назвали причину
  7. Хоккейное «Динамо-Минск» сотворило главную сенсацию в своей истории. Рассказываем, что произошло
  8. Рэкет, рэйдарства, згвалтаванні, жорсткія забойствы, сілавікі на зарплаце і лаяльнасць уладаў. Расказваем пра найбуйнейшую банду Беларусі
  9. «Мне отказано в назначении». Женщина проработала 30 лет, но осталась без трудовой пенсии — почему так произошло
  10. «Ждем, когда появится». Бывший муж Анжелики Мельниковой рассказал, где сейчас он и дети и знает ли о местонахождении спикерки КС
  11. Умер беларусский актер и режиссер Максим Сохарь. Ему было 44 года
  12. Чыноўнікі расказалі, якія тавары могуць падаражэць найбліжэйшым часам. Тлумачым, з чым гэта звязана
  13. Гандлёвыя войны, падзенне цэн на нафту — якіх курсаў чакаць у красавіку: прагноз па валютах
Читать по-русски


/

Джэсіка — інструктар палка Каліноўскага, чалавек смелы. Шмат у чым таму, што не пабаяўся прызнацца ў сваёй слабасці. Пасля адной з баявых задач, як кажа мужчына, яго маральна «паплавіла», і вайсковец не змог вярнуцца на фронт. Але і сыходзіць са службы не стаў. З таго часу ўжо паўтара года ён трэніруе рэкрутаў у навучальным цэнтры. Пра тое, як давалася няпростае рашэнне і ці можна вучыць іншых, калі сам не ўдзельнічаеш у баявых задачах, ён расказаў «Люстэрку».

Инструктор полка Калиновского Джессика, октябрь 2024-го. Фото: пресс-служба полка специально для «Зеркала»
Інструктар палка Каліноўскага Джэсіка, кастрычнік 2024-га. Фота: прэс-служба палка спецыяльна для «Люстэрка»

«Падчас кантакту адрэналін мацнейшы за страх, але калі ўсё заціхае ці спыняецца, страх зноў накрывае»

Інструктар Джэсіка пра сябе кажа няшмат. Ён нарадзіўся ў Беларусі, хоць па нацыянальнасці ўкраінец. Ведаў, што калі-небудзь пераедзе на гістарычную радзіму, але наўрад ці ўяўляў, што прывядзе яго сюды вайна. На пытанне, як на трэці год «поўнамаштабкі» маецца, адказвае каротка:

— Не горш, чым усе. Калі здаецца, што нешта не вельмі добра, успамінаю, што ёсць хлопцы, якія цяпер сядзяць у акопах ці штурмуюць пасадкі. І ім, напэўна, трымацца складаней і праблемы сур’ёзнейшыя і важнейшыя. Усё спазнаецца ў параўнанні. Таму ў мяне ўсё адразу становіцца не горшым, чым у іншых.

— Затое ваш пазыўны вельмі адрозніваецца ад іншых, чаму вы Джэсіка?

— Калі ў мяне няма часу, я звычайна кажу, што так звалі майго сабаку. Часам расказваю, што мая прабабуля з Вялікабрытаніі, і я ў гонар яе назваўся, ці што сустракаўся з дзяўчынай з Бразіліі, у якой імя Джэсіка (смяецца).

Хоць насамрэч усё нашмат празаічней. Калі яшчэ сам быў рэкрутам і нам сказалі прыдумаць пазыўныя, я галаву зламаў. Перабраў усё, што мне падабалася з фільмаў, серыялаў, мультфільмаў, камп’ютарных гульняў. Нічога не клеілася. Потым успомніў, што нейкі час працаваў за мяжой вядоўцам у начным клубе, там у мяне быў яркі і кароткі псеўданім. Агучыў яго пабрацімам, яны забракавалі. Патлумачылі: «У рацыі будзе гучаць як перашкоды». І папрасілі яго надтачыць. Я проста сказануў ад балды: «Джэсіка». Усе пачалі смяяцца. Жартавалі: прыкольна, калі ў зводках расійскіх навін будзе сказана: «Джэсіка ўзяла ў палон двух расійскіх вайскоўцаў». Ну і неяк так засталося Джэсіка і Джэсіка.

Шлем инструктора полка Калиновского, октябрь 2024-го. Фото: пресс-служба полка специально для «Зеркала»
Шлем інструктара палка Каліноўскага, кастрычнік 2024-га. Фота: прэс-служба палка спецыяльна для «Люстэрка»

— Як вы з байца сталі інструктарам?

— Гэта доўгая гісторыя. Пасля вучэбкі я паехаў на баявыя, мы базаваліся недалёка ад Бахмута, а задачы выконвалі ў самім горадзе. Падчас адной з іх, пакуль хлопцы абкопваліся, мы маленькай групай (тры чалавекі) пайшлі на разведку ў найбліжэйшую пасадку. У нейкі момант метраў за 20 убачылі байцоў. Паводле нашай інфармацыі, там маглі быць сумежнікі, хоць выглядалі яны як вагнераўцы. Мы спыталі пароль-водгук, адтуль не адказалі, стала ясна, хто яны.

У іх быў раставы акоп, адзін быў у ім, другі туды саскочыў. Завязалася перастрэлка. Кінуць у іх гранату я не мог: вакол раслі шчыльна пасаджаныя маладыя дрэвы і быў вялікі шанец рыкашэту. Думаю, пабрацімы вырашылі гэтаксама. Мы адцягнуліся [на сваю пазіцыю] і перадалі інфармацыю пра кантакт з ворагам. Я ўбачыў, што ў мяне ў аўтамаце заклініла патрон. Пачаў разбірацца, камандзір вырашыў, што трэба схадзіць яшчэ раз [у бок ворага]. Я застаўся з бэпэлашнікам. Ён мусіў даваць карцінку, а я — выправіць момант са зброяй і дзяжурыць на рацыі. Замест мяне пайшоў хлопец, які для мяне быў прыкладам спакою. Каб не здаралася, ён заўсёды «на спока», усё ў яго пад кантролем. І тут яго параніла. Я чуў у рацыі, як ён крычыць: «Я „трыста“, я „трыста“». У яго голасе было нешта, што мяне захапіла і скавала. Падумаў: калі нават з ім такое, то што наогул дзеецца вакол.

Бэпэлашнік (ён наогул баявы медык, а лётаць — яго хобі), сказаў: «Вяртай дрон, а я пабег да хлопцаў». Я разгубіўся і «плюсануў» (пагадзіўся. — Заўв. рэд.). Пазней, рэфлексуючы, зразумеў, што мусіў ісці з ім, бо баявая адзінка — гэта два чалавекі. Дзякуй богу, з хлопцам усё добра. Яму аказалі дапамогу і эвакуявалі.

— Што было з вамі?

— Пасля эвакуацыі камандзір папрасіў мяне схадзіць па падмацаванне, прывесці пару хлопцаў-сумежнікаў да нас на пярэдні край. Калі вяртаўся, яны (чалавекі тры-чатыры) ішлі за мной. Мясцовасць была ў пагорках, падымаюся на адзін і чую свіст. Разумею, што метраў за 20 ад мяне разрыў. Хтосьці закрычаў, да гэтага я бачыў, што там стаялі нейкія людзі. А хлопцаў, якіх я вёў, побач няма. Яны ўбачылі знаёмых і, магчыма, падышлі павітацца, калі шчыра, не ведаю. Карацей, яны павярнулі, і туды акуопт прыляцела міна. У аднаго з тых, хто стаяў, было асколачнае ў жывот. Усе, хто ішоў за мной, пачалі яго эвакуяваць. Уласна, я нікога не прывёў.

Вярнуўся на пазіцыі ўвечары, там ужо было некалькі сумежнікаў з украінскіх падраздзяленняў. Мы знаходзіліся не ў акопе, а ў расцягнутай прыроднай складцы. Усяго чалавек дзесяць. Колькі ворагаў у пасадцы, не ведалі і проста сядзелі ў чаканні. А я яшчэ захварэў. Паводле адчуванняў, тэмпература ў мяне была градусаў 39. Мне далі вялікую грэлку, бо трэсла ад холаду.

Раніцай пачаўся кантакт. Камандзір з медыкам і яшчэ адным хлопцам узялі гранатамёты і выйшлі ў фланг. У нейкі момант чую — ззаду нешта звалілася, нібы вялікі мех з бульбай. Такі глухі ўдар. Паварочваюся — гэта камандзір, і ён дыхае так цяжка, быццам бег. Аказалася, у яго пранікальнае раненне ў грудную клетку з правага боку. Я перадаў па рацыі, што ён «трыста», і аказаў дапамогу, якую мог. Медык не адгукаўся. Калі я яго знайшоў (складка была доўгая), ён сядзеў ашаломлены і таксама паранены. Пазней высветлілася, што ў яго куля прайшла праз лапатку і прабіла лёгкае. Гэты чалавек ужо загінуў, ён проста герой… Ён заняўся камандзірам, крыху пазней мы атрымалі дазвол на эвакуацыю.

Камандзіра эвакуявалі ўтрох. Я, медык і яшчэ адзін баец, у якога было лёгкае раненне ў плячо. Мясцовасць прастрэльвалася. Побач пагорак. Я папрасіў кулямётчыкаў на флангу прыкрыць нас для адыходу. Быў момант, калі яны досыць высока падняліся з акопа (ледзь не ва ўвесь рост) і з крыкамі «Рускія, здавайцеся!» пачалі «насыпаць» (страляць. — Заўв. рэд.) у пасадку. Медык нешта ўкалоў камандзіру, ён прыйшоў у сябе і змог перабегчы праз пагорак. Як толькі ён гэта зрабіў, паваліўся без сіл.

Далей мы яго перамяшчалі на насілках. Калі беглі, былі ў большай бяспецы ад кантакту ў пасадцы, але заставаўся яшчэ флангавы. Таму ў адной руцэ трымалі мяккія ношы (тканевыя насілкі. — Заўв. рэд.), у другой — аўтамат. Разглядаліся. У нейкі момант я ўбачыў людзей без шаўронаў у цёмнай уніформе, а ў чорным — хадзіў «Вагнер». І я разумею: «Блін, капец». Наставіў на іх аўтамат, але нечакана адзін з мужчын павярнуўся і спытаў на ўкраінскай, ці не патрэбная нам дапамога. Мы выдыхнулі.

Пасля той задачы нашыя пяхотныя групы моцна парадзелі, шмат байцоў «затрохсоцілася». Таму нам далі каманду здымацца і ехаць на базу далёка ад Бахмута. Калі трапілі ў Кіеў, атрымалі час адпачыць. Я наведаў родных, якіх даўно не бачыў. А вярнуўшыся ў полк, зразумеў, што пакуль не гатовы зноў на баявыя. То-бок я гатовы фізічна, але не магу маральна.

— Што гэта значыць?

— Я не быў упэўнены, што ў крытычнай сітуацыі не ўпаду ў ступар. На гэтай задачы такога не здарылася. Але я не ведаў, як складзецца на наступных. А я не хацеў падставіць групу.

— На задачах вам было страшна?

-У нейкі момант было… Падчас кантакту адрэналін мацнейшы за страх, але калі ўсё заціхае ці спыняецца, страх зноў накрывае.

«Цяпер даю рэкрутам больш палёгкі»

Инструктор полка Калиновского Джессика, октябрь 2024-го. Фото: пресс-служба полка специально для «Зеркала»
Інструктар палка Каліноўскага Джэсіка, кастрычнік 2024-га. Фота: прэс-служба палка спецыяльна для «Люстэрка»

— Як вы сказалі камандзіру, што больш не паедзеце на фронт?

— Абдумаўшы ўсё, напісаў яму ў мэсэнджары, патлумачыў сітуацыю. Я нічога не хаваў і не прыдумляў. Ён адказаў: «Усё разумею. Ад хлопцаў са сваёй баявой «пяцёркі» (Джэсіка быў у групе пяхоты. — Заўв. рэд.) я таксама нічога не хаваў. Памятаю размову з адным з хлопцаў. Я сказаў: «Брацік, не магу пакуль вярнуцца». Ён адказаў: «Я ўсё зразумеў». Вось і абмеркаванне.

— Чаму камандзіру напісалі паведамленне, а не сказалі асабіста?

— Мы былі ў розных лакацыях, розныя справы, не атрымлівалася сустрэцца. Плюс няёмкасць, не ведаў, як ён адрэагуе (але гэта мяне хвалявала ў апошнюю чаргу). Наогул, за ўвесь час я ні разу не сутыкнуўся з асуджэннем ці падколамі праз сваё рашэнне.

— Па-вашаму, чаму? Усё ж мужчынскі калектыў досыць жорсткі, як мне здаецца.

— Не ведаю. Магчыма, тут два варыянты. Першае — мне пашанцавала з хлопцамі, з якімі служу. Другое — можа, мужчынскі калектыў больш жорсткі ў мірны час, а не на вайне.

— Як хутка для вас знайшлася новая праца ў палку?

— Ёсць хлопцы, якія пасля такіх сітуацый з’язджалі ў Польшчу. Я ведаў, што застануся, але не разумеў, чым займуся. Калі быў рэкрутам у навучальным цэнтры, недалёка ад нас фармавалася брыгада УСУ. Мы скончылі вучэбку і тыдзень чакалі да адпраўкі на палігон. А ў іх усё толькі пачыналася, і не было інструктараў. Яны, груба кажучы, нічога не ўмелі і папрасілі мяне і яшчэ аднаго хлопца дапамагчы з заняткамі. Мы ім выкладалі тое, што самі толькі прайшлі. Тады нехта жартам сказаў, што ў мяне нядрэнна атрымліваецца.

Пазней, калі напісаў у штаб, спытаў, у чым бы я мог дапамагчы, мне адказалі: «А ты б не хацеў быць інструктарам?» Я пагадзіўся, і са мной пачаў займацца Кіт (на той момант быў камандзірам палка). У яго вялікі досвед інструктарства ў «Азове». Мы працавалі тры тыдні. Потым з ім і двума афіцэрамі ССА (сіл спецыяльных аперацый. — Заўв. рэд.) паехалі на палігон, дзе яны зладзілі мне 10-дзённы вышкал.

— Выходзіць, прыкладна праз месяц вы ўжо сталі інструктарам. Ці дастаткова было ведаў?

— Гэта ж усё назапашваецца. Старую савецкую базу я атрымаў у войску, яшчэ нейкія веды — на вайсковай кафедры ва ўніверсітэце. Потым курс у вучэбцы, баявыя, ды і сам я шмат займаўся. Калі прыехаў на базу падрыхтоўкі, інструктары ў нас былі плюс-мінус універсальнымі. То-бок чалавек (я ў тым ліку) мог выкладаць тактычную медыцыну, тактыку малых групаў, асновы абыходжання са зброяй, фізпадрыхтоўку і гэтак далей. На кожным занятку мы працавалі амаль поўным складам. Вучыў сам і пераймаў досвед у калег.

— З кім вы цяпер працуеце? Ёсць адчуванне, што добраахвотнікі з Беларусі ўжо скончыліся.

— Полк Каліноўскага ўваходзіць у склад Міжнароднага легіёна пры ГУР МАУ (Галоўным упраўленні разведкі Міністэрства абароны Украіны. — Заўв. рэд.). Цяпер набор рэкрутаў ідзе крыху інакш. Калі раней яны прыязджалі канкрэтна ў полк, то цяпер не. Яны збіраюцца ў пэўным месцы, дзе іх чакае лекава-медыцынская камісія, а потым селекцыя. Яна адбываецца якасней: ідзе больш строгі адбор кандыдатаў па фізічных паказчыках, а таксама іх псіхатэсты (псіхалагічныя тэсты. — Заўв. рэд.). Тыя, хто прайшоў адбор, прыязджаюць у вучэбку трэніравацца, пасля чаго трапляюць у полк. Калі раней 99 працэнтаў рэкрутаў былі беларусы (часам палякі, хтосьці з Расіі ці іншых рэгіёнаў), то цяпер да нас хочуць далучыцца мужчыны з іншых краін: калумбійцы, новазеландцы, амерыканцы, іспанцы, палякі. Беларусы таксама прыязджаюць. Не так шмат, як у пачатку вайны, але вяртаюцца нават тыя, хто калісьці ад нас сыходзіў і звальняўся.

Инструктор полка Калиновского Джессика, октябрь 2024-го. Фото: пресс-служба полка специально для «Зеркала»
Інструктар палка Каліноўскага Джэсіка, кастрычнік 2024-га. Фота: прэс-служба палка спецыяльна для «Люстэрка»

— За гэтыя паўтара года змянілася тое, як вы вучыце?

— Асноўныя дысцыпліны засталіся, гэта ўсё ж база, але ёсць моманты, на якія робім дадатковы акцэнт. Усё ж вайна мяняецца. Напрыклад, цяпер стала больш дронаў, таму мы вывучаем, як схавацца ад іх, лепш замаскавацца, хутчэй выкапаць акоп і гэтак далей.

Плюс за гэтыя паўтара года я многае даведаўся, таму пачаў інакш будаваць заняткі, звяртаць увагу на дробязі, якія раней мог апусціць. Дапусцім, стральба. Адпрацоўваем тры пазіцыі — стоячы, седзячы, лежачы. Раней мог не ўспомніць, што падчас змены пазіцыі трэба паглядзець, хто ў мяне злева, справа, ззаду, каб не трапіць пад агонь пабрацімаў. З часам стаў вучыць дзяцей, што гэта вельмі важна. А яшчэ цяпер даю рэкрутам больш палёгкі.

— Нечаканы момант.

— Наогул, я заўсёды стараўся сачыць за здароўем хлопцаў, бо многія не прызнаюцца, што ў іх, дапусцім, нешта баліць. Думаюць, да іх неяк па-іншаму пачнуць ставіцца ці выганяць. Я шмат разоў тлумачу, гэта не так, і ўсё роўна некаторыя хаваюць траўмы, грыжы, пратрузіі. Цяпер я, напрыклад, кажу: «Акей, лепш адпачніце, адновіце нагу, чым потым атрымаеце жорсткае расцяжэнне сухажылля і выпадзеце на месяц».

Калі толькі пачынаў працаваць, быў больш строгі ў гэтым пытанні. Чаму? Напэўна, таму што нас у вучэбцы ніхто не шкадаваў. Калі быў рэкрутам, у нас фізпадрыхтоўка была не па гадзіне-паўтары на дзень, як цяпер у праграме, а даўжэй. Да таго ж першую гадзіну (з чатырох) заняткі па тактыцы малых групаў пачыналіся з фізнагрузкі за тое, што хтосьці нешта не вывучыў, няправільна адказаў. Увесь гэты час мы «рыгалі» (смяецца). Не ў прамым сэнсе. То-бок рабілі фізічныя практыкаванні.

Некалькі разоў у мяне было такое, што мы паўзлі колы ў экіпіроўцы, і я думаў: «Зараз устану, скажу інструктару ўсё, магчыма, нават плюну і паеду». Потым дапаўзаў да фінішу. А там ужо разумеў: сіл злавацца няма.

— А вы цяпер выкарыстоўваеце падобныя пакаранні?

— Вядома! (смяецца) Падрыхтоўцы людзей надаецца вялікая ўвага, бо за тры-чатыры тыдні ім трэба даведацца столькі інфармацыі, колькі, калі б не вайна, яны маглі б вучыць тры-чатыры месяцы. Уся тэорыя падмацоўваецца практыкай. Напрыклад, падчас тактычнай медыцыны рэкруты нешта адпрацоўваюць на сабе, нешта на манекенах.

Але каб што-небудзь адпрацоўваць, гэта трэба ведаць. Напрыклад, у які момант я магу сабе дазволіць уставіць назафарынгіяльную трубку (сродак для экстраннай дапамогі пры парушэнні дыхання. — Заўв. рэд.)? Паміж якімі рэбрамі я мушу калоць дэкампрэсійную іголку? Я заўсёды тлумачу людзям, што не вучу іх суперкласна ваяваць, як «рэксы» (выведнік экстра-класа. — Заўв. рэд.). Я вучу іх, як не памерці за першыя хвіліны бою.

Калі чалавек матываваны, яму не трэба нагадваць, што ў яго ёсць хатняе заданне. Напрыклад, у поўнай экіпіроўцы накласці турнікет на кожную канцавіну па 10 разоў, запісаць час і паказаць мне, бо мы імкнёмся да 30 секундаў. Але ёсць тыя, хто ставіцца да гэтага нядбайна. Але калі я папрасіў ведаць правілы бяспечных паводзін са зброяй, а там усяго шэсць радкоў, то іх трэба расказваць слова ў слова, а не казаць мне: «Я не вывучыў». Вядома, за такое будзе пакаранне.

— Якое?

— Усё, што хочаш — адцісканні, берпі (камбінацыя з некалькіх паслядоўных элементаў: прысяданні, адцісканні і скачкі — Заўв. рэд.), бег з аўтаматам — карацей, нешта фізічнае, плюс яшчэ адна лекцыя пра тое, чаму гэта важна ведаць і ўмець. Зноў жа, ніхто нікога не б’е, не абражае.

— Было такое, што хтосьці з рэкрутаў пасля трэніровак кінуў вам у твар: «Я з’язджаю»?

— Было некалькі разоў. Было і такое, што людзі разумелі, што не вывозяць фізічна, таму лепш з’ехаць. У такіх выпадках я спрабаваў растлумачыць, што неабавязкова ісці ў пяхоту, можна выбраць іншыя падраздзяленні. На кагосьці гэта не дзейнічала, а хтосьці заставаўся. Быў хлопец, які праз праблемы са здароўем скончыў вучэбку заўчасна. Я прапанаваў яму знайсці сябе ў палку ў чымсьці іншым. Ён паслухаў. Паводле апошніх навінаў, што мне пра яго расказвалі, у яго ўсё добра, служыць.

— Я правільна злавіла, вы звяртаецеся да рэкрутаў на «вы»?

— Так, я паважаю гэтых людзей за іх выбар. Плюс гэта субардынацыя. Я ўсім хлопцам кажу, што як толькі заканчваецца перыяд навучання, можаце звяртацца да мяне на «ты». І гэта нармальна, мы ўсе пабрацімы, але ў вучэбцы мы на «вы».

Потым з гэтымі зваротамі часам даходзіць да камедыі. Напрыклад, паўгода таму я трэніраваў байца з пазыўным Хіп. Мы з ім да гэтага часу добра камунікуем. Калі сустракаемся, ён звяртаецца да мяне: «Пан Джэсіка», а я да яго, напрыклад: «Хіп, вы не хочаце паехаць у краму?», «Хіп, вам кавы зрабіць?».

«Першыя дзесяць месяцаў, калі я толькі пачаў займацца з хлопцамі, у мяне быў нонстоп-рэжым»

Инструктор полка Калиновского Джессика, октябрь 2024-го. Фото: пресс-служба полка Калиновского специально для "Зеркала"
Інструктар палка Каліноўскага Джэсіка, кастрычнік 2024-га. Фота: прэс-служба палка спецыяльна для «Люстэрка»

— Вы рыхтуеце рэкрутаў псіхалагічна да таго, што давядзецца страляць у людзей?

— Не, я з гэтым не працую, бо ў большасці выпадкаў ніколі не ведаеш, што чалавек зробіць, калі ўпершыню апынецца на фронце. Вядома, ёсць нейкія рэдфлагі (маячкі. — Заўв. рэд.), як цяпер модна казаць. Напрыклад, вось гэты бравы баец, а гэты — цішэйшы. А вось гэты стрэліў з аўтамата, і відаць, што ён яго баіцца. Нешта можна западозрыць, нейкія прагнозы зрабіць. Але не факт, што яны пацвердзяцца.

У нас ёсць стрэс-псіхатэсты на псіхалагічную стрэсавую ўстойлівасць. Адзін з іх заключаецца ў тым, што чалавеку трэба ўпасці спінай наперад з трохметровай вышыні, а ўнізе астатнія рэкруты — твая каманда — трымаюць нацягнутым тэнт. Гэта паказвае, што ты давяраеш ім, а яны не хочуць падвесці цябе.

Ну і варта ўдакладніць, што далёка не ўсе ідуць у пяхотныя падраздзяленні. Многія становяцца артылерыстамі, бэпэлашнікамі, медыкамі і гэтак далей.

— За гэтыя паўтара года вы так і не ездзілі на баявыя?

— Я некалькі разоў быў на, назавём гэта, калябаявых. Трэніраваў падраздзяленні на тэрыторыях недалёка ад ворага, дапамагаў загружаць-выгружаць боепрыпасы і гэтак далей. Але непасрэдна баявых задач я не выконваў.

— Як думаеце, чаму? Усё ж вы ўжо столькі ведаеце і ўмееце.

— Можа, пасля вайны з гэтым як-небудзь разбярэцца псіхолаг. У мяне некалькі разоў было такое, што я хацеў плюнуць і вярнуцца на фронт, але эмоцыі сціхалі, і гэта знікала.

— Рэкруты не пыталі, маўляў, як гэта вы нас вучыце, калі самі не ўдзельнічаеце ў баявых задачах?

— Не, але я ніколі ні ад кога гэтага не хаваў. На першым знаёмстве з рэкрутамі я і яшчэ адзін інструктар, якога таксама «паплавіла», заўсёды расказвалі, хто мы, які ў нас досвед. Казалі, што рабілі на фронце тое і тое, нас «паплавіла», і цяпер мы тут, і нашая задача — перадаць свой досвед. Да таго ж хлопцы ведалі, што я езджу на каля баявыя.

— Ці вывучаеце вы тое, як трэніруюць расійскіх вайскоўцаў?

— Спецыяльна не, але перыядычна манітору. Хоць у сацсетках гэтыя відэа самі сабой трапляюцца.

— Ёсць нейкія кардынальныя адрозненні ў падрыхтоўцы байцоў у іх і ў вас?

— Калі мы гаворым пра цяпер, а не тады, калі яны адпраўлялі мобікаў (мабілізаваных. — Заўв. рэд.), то база не так і адрозніваецца. Усё ж і нам, і ім у першую чаргу трэба навучыць чалавека тактычнай медыцыне, страляць, капаць акопы… З таго, што заўважаў, у медыцыне расіяне шмат перанялі ў натаўскай арміі. Раней, напрыклад, многія з іх выкарыстоўвалі жгуты Эсмарха (гумовыя жгуты. — Заўв. рэд.). Я глядзеў і радаваўся, што так, працягвайце гэтаксама. Цяпер у большасці турнікеты. Думаю, яны многае падглядаюць у натаўскай сістэме, хоць кажуць, што самі прыдумалі. А наогул, прайшоў час, калі ўсе слухалі Аляксея Арастовіча і казалі, што Расія нічога не можа. Калі б гэта было так, вайна б ужо скончылася. Іх нельга недаацэньваць ні ў якім разе.

— Ці ёсць у вас у падрыхтоўцы нешта, што вы падгледзелі?

— Такога, каб я падгледзеў, пераняў і пачаў гэтаму вучыць, не было. Але я сустракаў у іх нейкія цікавыя моманты з разраду «можна яшчэ і так зрабіць». Напрыклад, месяца паўтара таму ўбачыў нейкі іншы спосаб замены магазінаў у аўтамаце. Гэта не ўплывала на хуткасць перазарадкі, таму я не надаў гэтаму значэння.

— Што робіць інструктар, калі няма групы?

— Першыя дзесяць месяцаў, калі я толькі пачаў займацца з хлопцамі, у мяне быў нонстоп-рэжым, дзе ні выдыхнуць, ні прадыхнуць, ды і, у прынцыпе, не хацелася. Мне неяк нават сказалі: «Табе трэба з’ездзіць у адпачынак. Гэта загад». Я адказаў, што не магу, у мяне група. Апошнія паўгода, калі рэкрутынг пачаў прасядаць, пачаліся невялікія перапынкі. Дзесьці я ездзіў на курсы павышэння кваліфікацыі, дзесьці, калі мог, пісаў рапарт і на пару дзён адпраўляўся да родных ці ў Львоў. З’явіўся асабісты час.

— Сумна ад таго, што добраахвотнікаў усё менш?

— Ад замежнікаў адбою няма (хоць і іх стала крыху менш), але калі мы гаворым пра беларусаў, то я б, напэўна, сказаў, што мне крыўдна ці нават непрыемна. Не ведаю, якое слова падабраць, бо я не разумею, дзе яны.

Коты в учебке полка, октябрь 2024-го. Фото: пресс-служба полка Калиновского специально для "Зеркала"
Каты ў вучэбцы палка, кастрычнік 2024-га. Фота: прэс-служба палка спецыяльна для «Люстэрка»

— Што вам казалі рэкруты пра вашую працу?

— Некалькі разоў казалі дзякуй за тое, што прымушаў бегаць, поўзаць і гэтак далей, бо байцу гэта спатрэбілася. Неяк мне падаравлі бейсбольную біту, на якой напісана «Рускі ваенны карабель, ідзі (на тры літары)».

А яшчэ ў нас ёсць такі прыкол: мы з хлопцамі кажам, што галоўнае на вайне — гэта стыль. А што такое стыль — гэта ўжо кожны сам для сябе разумее. Неяк мы жартавалі пра ружовы колер. Хіп носіць дрэды, і ў яго была ўплеценая ружовая стужачка. Ён яе зняў і падарыў мне. Ужо паўгода нашу яе завязанай на запясці.

Чытайце таксама