Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. У культового американского музыканта, получившего Нобелевскую премию, нашли беларусские корни
  2. Качанава абурылася ахвяраваннем правоў дзеля палітыкі, але не ўспомніла пра рэпрэсіі ў Беларусі
  3. Погибший в Брестском районе при взрыве боеприпаса подросток совершил одну из самых распространенных ошибок. Что именно произошло
  4. ВСУ нанесли удар по важнейшему для России заводу. Рассказываем, что он производит
  5. По госТВ рассказали, как задержали экс-калиновца Максима Ралько. Похоже, он сам вернулся в Беларусь
  6. Темпы российского продвижения в Украине неуклонно снижаются с ноября 2024 года. В ISW назвали причину
  7. Хоккейное «Динамо-Минск» сотворило главную сенсацию в своей истории. Рассказываем, что произошло
  8. Рэкет, рэйдарства, згвалтаванні, жорсткія забойствы, сілавікі на зарплаце і лаяльнасць уладаў. Расказваем пра найбуйнейшую банду Беларусі
  9. «Мне отказано в назначении». Женщина проработала 30 лет, но осталась без трудовой пенсии — почему так произошло
  10. «Ждем, когда появится». Бывший муж Анжелики Мельниковой рассказал, где сейчас он и дети и знает ли о местонахождении спикерки КС
  11. Умер беларусский актер и режиссер Максим Сохарь. Ему было 44 года
  12. Чыноўнікі расказалі, якія тавары могуць падаражэць найбліжэйшым часам. Тлумачым, з чым гэта звязана
  13. Гандлёвыя войны, падзенне цэн на нафту — якіх курсаў чакаць у красавіку: прагноз па валютах
Читать по-русски


Алесь Мінаў

Падчас вайны цярпяць не толькі людзі, але і іх гадаванцы: з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання ва Украіне загінулі тысячы жывёлаў, многія засталіся без гаспадароў ці былі пакінутыя на волю лёсу. Вядома, найгоршая сітуацыя — непасрэдна ля лініі баявых дзеянняў. Менавіта таму заўсёднымі спадарожнікамі вайскоўцаў ў размяшчэннях сталі некалі свойскія каты і сабакі. Беларускія добраахвотнікі з палка Каліноўскага — не выключэнне. «Люстэрка» наведала іх базу ў Кіеве, дзе разам з байцамі жывуць і ўратаваныя жывёлы, і гадаванцы, якіх прывезлі з радзімы.

Янот Бармалей, які жыве ў Палку Каліноўскага. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага
Янот Бармалей, што жыве ў палку Каліноўскага. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Твары некаторых байцоў палка Каліноўскага размытыя з меркаванняў бяспекі.

Макс і Sobaka: «У пашпарце яго так і запісалі англійскімі літарамі»

Кіеў працягвае «радаваць» мокрым снегам і дажджом, але надвор’е не перашкаджае мне наведаць своеасаблівы заапарк — на базе каліноўцаў гадаванцы жывуць у памяшканнях разам са сваімі гаспадарамі. Вядома, найбольшую цікаўнасць выклікае янот. Пытаю, дзе знайсці звера і яго гаспадара, а баец Макс усміхаецца:

— Дык у мяне таксама ёсць гадаванец: сабачка проста з Бахмута.

Sobaka байца Макса з Палка Каліноўскага. Фота: з асабістага архіва
Sobaka байца Макса з палка Каліноўскага. Фота: з асабістага архіва

Уласна, з аповедаў пра такіх чатырохногіх сяброў можна часткова пісаць гісторыю гэтай вайны. Мянушка бахмуцкага таварыша — Sobaka — звязаная з гісторыяй выратавання жывёліны: кантужанага выбухамі шчанюка забралі і вывезлі з зоны баёў амерыканскія добраахвотнікі. Яны адвялі сабаку да ветэрынара, а пасля зрабілі яму пашпарт.

— Мы з амерыканцамі перасякаліся падчас працы, — расказвае Макс. — Ім трэба было з’язджаць, я і забраў жывёліну да сябе. У пашпарце яго так і запісалі англійскімі літарамі — Sobaka. Адвёз яго ў тое месца, дзе жывуць мае жонка і сын. Цяпер у нас два сабакі: аднаго знайшла і прытуліла жонка, я вось прывёз другога. Так і завём яго — Sobaka. Ён вельмі класны.

Sobaka байца Макса з Палка Каліноўскага. Фота: з асабістага архіва
Sobaka байца Макса з палка Каліноўскага. Фота: з асабістага архіва

Макс гаворыць, што гадаванец ласкавы і спакойны, адзінае, што выдае няпросты лёс, — страх перад любымі рэзкімі гукамі. Баец адзначае, што на пазіцыях да ваяроў заўсёды прыбіваліся розныя сабакі:

— Дзе б мы ні былі, у нас пастаянна нехта пухнаты жыў. Мы працуем, карэктуем стрэлы, а сабакі проста сядзяць ці спяць спакойна. Я думаю, што гэта пакінутыя жывёлы. З паводзін відаць, што яны свойскія, добра з людзьмі кантактуюць, ведаюць сваё месца. Нашыя хлопцы вывозілі многіх, перадавалі валанцёрам. На жаль, некаторыя жывёлы гінулі, пакуль мы там былі.

Каралух і янот Бармалей: «Ён такі пазітыўны, без усмешкі глядзець цяжка»

Янот Бармалей і яго гаспадар Каралух. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага
Янот Бармалей і яго гаспадар Каралух. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Макс вядзе мяне да гаспадара янота — 44-гадовага байца з пазыўным Каралух. Янота завуць Бармалей — і гэта мясцовая зорка. Адпаведна, у яго хоць невялікі, але свой уласны пакойчык. Як сапраўдны «селебрыці», Бармалей сустракае нас без асаблівага энтузіязму, бо заняты вялікай шакаладкай.

— Гэтая пачвара ўсё трэскае — усёедная. Звычайна хапае бляшанкі тушняку (тушонкі. — Заўв. рэд.) на дзень, але любіць і салодкім паласавацца — арэхамі, печывам, шакаладам, — з усмешкай і гонарам тлумачыць Каралух і расказвае, як янот трапіў да яго. — Неяк у мяне сябры спыталі: «А які табе звярок падабаецца?» Кажу: «Ну, яноты прыкольныя». Неўзабаве ў мяне быў дзень народзінаў, і на табе — знаёмцеся! Вось ужо дзесяць месяцаў у мяне жыве. Да яго ўсе цудоўна ставяцца, ён такі пазітыўны, без усмешкі глядзець цяжка.

Янот Бармалей на прагулцы. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага
Бармалей на прагулцы. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Цяпер Каралух у асноўным выконвае задачы ў размяшчэнні, таму падчас дзяжурстваў бярэ гадаванца з сабой. Звер любіць бавіць час на дварэ: можа і на дрэва залезці, і з сабакамі пагуляцца.

— Сёння вось не выводзіў яго, бо надвор’е бруднае: будзе не янот, а свіння папросту, — дзеліцца каліновец. — А калі яго тут выпусціць, ён і калідорамі будзе гуляць, ламіцца да ўсіх у дзверы, патрабаваць ласункаў. Ён іх вельмі любіць! Але запусці яго ў пакой на дваццаць хвілін — парадак будзеш наводзіць дзве гадзіны, не менш. Што да паветраных трывог, то ён на іх не рэагуе. Яму ўвогуле ўсё пофіг, ён на сваёй хвалі, сам сабе жыве, сам сабе задачы ставіць, сам іх і вырашае. Хлопец ён вельмі своеасаблівы. Любіць і пагрызціся, і пабіцца часам. Арэшак у яго забраць — гэта такое сабе задавальненне цяпер, бо ён зрабіўся моцны і цяжкі. На выцягнутай руцэ ўжо не ўтрымаю, кілаграмаў 10−12 дык дакладна будзе.

Бармалей на прагулцы. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага
Бармалей на прагулцы. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага
Бармалей на прагулцы. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага
Бармалей на прагулцы. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Бармалей нарэшце разабраўся з шакаладкай і ўпэўнена крочыць насустрач знаёміцца: падымаецца на заднія лапы, спрабуючы залезці мне ў кішэню. Хочацца пагладзіць пухнатага звярка, але стрымліваюся: мяне папярэдзілі, што можа і ўкусіць. Каралух кажа, што спачатку ўсе любілі браць на рукі маленькага яноціка, але калі жывёліна падрасла, яе пачалі пабойвацца.

— Ён хлопец суворы даволі, пяшчотнасці не любіць, а як падрос — грызціся пачаў мацней, — кажа гаспадар янота. — Вада — таксама не ягонае. Браў яго летась на возера, закінуў у ваду, яму не спадабалася. А так тазік стаіць, ён лапы мочыць, цалкам не залазіць. Прымаць ванны ён таксама не асабліва любіць. Звер лясны — іх там ніхто не мые. Я яго купаю часам, але апошнія месяцы два не атрымліваецца. Ды і аднаму з ім справіцца цяжкавата: можа раззлавацца, не ўтрымаеш.

Енот Бармалей в своей комнате в расположении Полка Калиновского. Украина, Киев, январь 2024 года. Фото: Алесь Минов, "Зеркало"
Янот Бармалей у сваім пакоі ў размяшчэнні палка Каліноўскага. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

У хатніх умовах яноты жывуць каля 20 гадоў, але дрэсіроўцы не паддаюцца, адзначае каліновец. Кажа, што па магчымасцях яноты прыкладна на адным узроўні з медаедамі і расамахамі.

— Як кажуць, у яго ў галаве шаленства і адвага, што захацеў — тое і будзе рабіць. Я ні ў адным цырку дрэсіраванага янота не бачыў яшчэ, — гаворыць Каралух. — У нас цяпер праблема: дзяўчынку пачаў хацець. Звычайна такое праз год пачынаецца, а тут дзесяць месяцаў — і ўжо! Я званіў у два кантактныя заапаркі кіеўскія, дзе ёсць яноты. У адным адмовілі, сказалі: «У нас дзяўчаты такім не займаюцца». А ў другім уздыхнулі ў слухаўку: «Прабач, у нас таксама адны хлопцы, не ведаем самі, што з імі рабіць». Цяпер шукаю яму пару, не хацелася б кастрыраваць — шкада.

Развітвацца Бармалей таксама не стаў, бо знайшоў у куце недаедзены арэшак. Выходзячы, Каралух шчодра папырскаў пакой асвяжальнікам паветра: усё ж звер дзікі і пах адпаведны.

Зара і котка Соня: «Нарадзілася ў нас у размяшчэнні ў Запарожскай вобласці»

Медык палка Каліноўскага Зара і яе котка Соня. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, "Люстэрка"
Медык палка Каліноўскага Зара і яе котка Соня. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Зары 23, і яна медык. Гэтымі днямі акурат была на базе ў Кіеве, таму пагадзілася пазнаёміць са сваім «катадзіцем».

— Толькі не зашывайся тут нікуды, лаві мышэй, гэта твая праца, — кажа дзяўчына трохколернай котцы Соні, якую прыносіць у кабінет. — Мышы тут ёсць, але калі Соня тут, яны хаваюцца. Яшчэ ніводнай не прынесла. А вось досвед палявання на моль у яе вельмі гаротны: лавіла-лавіла, тая моль убок паляцела, а Соня глядзіць у адну кропку: «Ну і дзе ты?» Потым ідзе ляжаць — і ўсё. Ёй усяго год, нарадзілася ў нас у размяшчэнні ў Запарожскай вобласці. Маці Соні, відаць, пародзістая, падобная да сіямскай, вельмі дагледжаная. І вось яна нарадзіла Соню, яшчэ двух яе брацікаў і дзвюх сястрычак. Я іх усіх няньчыла з нараджэння. Потым некаторых забралі іншыя ваяры, баец Сыты брата Соні ўзяў — жыве цяпер у яго цёткі. Частку разабралі мясцовыя жыхары. А вось яна засталася ў мяне.

Кацяняты, якіх выратавала медык палка Каліноўскага Зара ў Запарожскай вобласці. Фота: з асабістага архіва
Кацяняты, якіх выратавала медык палка Каліноўскага Зара ў Запарожскай вобласці. Фота: з асабістага архіва
Кацяняты, якіх выратавала медык палка Каліноўскага Зара ў Запарожскай вобласці. Фота: з асабістага архіва
Кацяняты, якіх выратавала медык палка Каліноўскага Зара ў Запарожскай вобласці. Фота: з асабістага архіва
Кацяняты, якіх выратавала медык палка Каліноўскага Зара ў Запарожскай вобласці. Фота: з асабістага архіва
Кацяняты, якіх выратавала медык палка Каліноўскага Зара ў Запарожскай вобласці. Фота: з асабістага архіва
Кацяняты, якіх выратавала медык палка Каліноўскага Зара ў Запарожскай вобласці. Фота: з асабістага архіва
Кацяняты, якіх выратавала медык палка Каліноўскага Зара ў Запарожскай вобласці. Фота: з асабістага архіва

У Зары ў жыцці было шмат рознай жыўнасці: разводзіла і папугаяў, і хамякоў, і марскіх свінак, мышэй, быў акварыум і нават шыншыла. А вось катоў не было ніколі. Цяпер Соня заўсёды разам са сваёй гаспадыняй: і на базе, і на выездах.

— Мне няма з кім яе пакінуць, таму мы заўжды разам, яна і пад Бахмут са мной ездзіла. Яна насамрэч няблага да гэтага ставіцца, — адзначае суразмоўніца. — Адзін раз быў прылёт у будынак, дзе мы знаходзіліся. Ніхто не пацярпеў, але жывёлы так схаваліся, што доўга яшчэ давялося хвалявацца і шукаць іх. Цяпер Соня навучаная: як толькі чуе штосьці гучнае — бяжыць у бяспечнае месца. Называю яе коткай з ПТСР. Агулам жа яна вельмі спакойная, робіць мне масаж лапкамі, муркоча, размаўляе. А вось з іншымі людзьмі па-рознаму паводзіцца. Яна не любіць, калі да яе першымі падыходзяць, але можа выйсці і пазнаёміцца сама.

Медык палка Каліноўскага Зара і яе котка Соня. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Медык палка Каліноўскага Зара і яе котка Соня. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

З іншымі жывёламі котка не кантактуе. Як толькі некага бачыць, уцякае і хаваецца. Быў у яе адзін сябар — Шэры, сабачка іншага медыка, але цяпер ён не жыве на базе.

— А вось з янотам, калі шчыра, увогуле страшна, бо ён неадэкватны, — абурана наракае Зара. — Ён аднойчы быў у нарадзе разам з Каралухам, дык як конь уварваўся сюды. Я ўзяла яго за шкірку, вынесла, а ён назад імчыць. Трымаю ў руках, а ён учапіўся за нагу, скраў тапак і пабег. Дык я засталася на дварэ пад дажджом у адным тапку. Таксама ён моцна кусаецца, я баюся, што можа балюча Соні зрабіць, таму не падпускаю блізка.

Увогуле, кажа Зара, на пазіцыях вельмі шмат і катоў, і сабак. Гаворыць, што кожны раз хочацца забраць кагосьці.

— Але разумееш, што ў цябе і так гэтае дзіця, і хаця б адно дагледзець трэба, — уздыхае медык. — Гэтая істота дапамагае мне не звар’яцець. Калі б яе не было, я б проста… Асабліва калі ты ў Кіеве, там лечышся ці нейкія іншыя задачы робіш адна. Я б проста з’ехала з глузду, без яе не змагла б адпачыць. Соня часта прыходзіць і спіць на мне — адразу спакайней на душы робіцца.

Вясна і яе беларускія гадаванцы: «Я была першым і пакуль адзіным рэкрутам, хто прыехаў з сабакамі»

Псіхолаг палка Каліноўскага Вясна разам са сваім сабакам Дварняком. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Псіхолаг палка Каліноўскага Вясна разам са сваім сабакам Дварняком. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Але не ўсе гадаванцы каліноўцаў — украінцы: некага прывезлі і з Беларусі. Так зрабіла псіхолаг Вясна. Ёй каля 40, і ў навучальную частку яна прыехала адразу з двума сваімі гадаванцамі.

— Я была першым і пакуль адзіным рэкрутам, хто прыехаў туды з двума сабакамі. Інструктары спачатку былі трохі ў шоку, бо іх ніхто не папярэдзіў, але хутка прывыклі, — расказвае суразмоўніца. — На сабак ніхто не скардзіўся, было нават крыху весялей з імі. Суправаджалі ранішнюю зарадку. У мяне яны ўжо даўно, за апошнія паўгода змянілі шэсць розных месцаў жыхарства і тры краіны.

З меркаванняў канспірацыі Вясна не раскрывае мянушак, а кліча гадаванцаў па іх пародах: Эрдэль і Дварняк. Вясна кажа, што заўсёды марыла пра сабаку. Але неўзабаве пасля таго, як гэтая мара нарэшце ажыццявілася і ў доме з’явіўся эрдэльтэр’ер, пляменнік прынёс жанчыне бадзяжнага сабаку — так з’явіўся другі гадаванец. Цяпер абодва жывуць на базе ў адным пакоі з гаспадыняй.

У Дварняка пасля бадзяжнага жыцця негатыўны досвед з незнаёмымі людзьмі, сабака баіцца і не любіць іх. Таму мы знаёмімся з ім толькі зрокава: нават на руках у гаспадыні ён ашчэрваецца, калі бачыць незнаёмца з камерай. Вясна адносіць збянтэжаную жывёліну ў свой бяспечны пакой і вяртаецца ўжо з Эрдэлем. Тут поўная супрацьлегласць. Сабака адразу бяжыць знаёміцца, радасна круцячы хвастом. Такая дабрыня не застаецца без узнагароды — Эрдэля добра ведаюць і любяць усе на базе.

— Калі да мяне як да псіхолага збіраецца нехта прыйсці, то часта просяць: «Можа, вы і сабачку возьмеце?» Таму ён крыху ўдзельнічае ў энімал-тэрапіі: нашыя хлопцы любяць з ім гуляцца, перацягваць цацкі, нехта просіць пагладзіць, нехта расказвае пра сваіх гадаванцаў, што засталіся дома: добрая нагода пачаць гутарку, — кажа Вясна.

Псіхолаг палка Каліноўскага Вясна разам са сваім сабакам Эрдэлем. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»
Псіхолаг палка Каліноўскага Вясна разам са сваім сабакам Эрдэлем. Украіна, Кіеў, студзень 2024 года. Фота: Алесь Мінаў, «Люстэрка»

Псіхолаг падкрэслівае, што ўтрыманне гадаванцаў — добры сродак для падтрымкі ўласнай псіхікі і барацьбы са стрэсам. Бо, па-першае, жывёлы даюць безумоўную падтрымку: яны любяць чалавека любым, незалежна ад поглядаў, выгляду і сацыяльнага статусу.

— Па-другое, жывёлы даюць магчымасць пра сябе паклапаціцца. Гэта развівае эмпатыю і павышае самаацэнку, — працягвае беларуска. — Таксама важна, што гадаванцы фармуюць руціну: іх трэба карміць, выгульваць, нягледзячы ні на што. Гэта стварае базавую трываласць: што б ні адбывалася вакол, ёсць рэчы, якія не мяняюцца. А гэта падмурак для добрага псіхічнага самаадчування. Таксама жывёлы даюць магчымасць пераключацца: часова забыцца на турботы і занурыцца ў камунікацыю са сваім любімцам. Ды і проста іх прыемна гладзіць. Наяўнасць гадаванцаў таксама пазбаўляе ад вывучанай бездапаможнасці, бо мы заўсёды можам рабіць выбар: куды пайсці гуляць, які корм купіць і г. д. То-бок можам прымаць рашэнні. Ва ўмовах войска гэта яшчэ больш актуальна. Калі мы вучым сабак ці іншых жывёл метадамі, заснаванымі на пазітыве, то-бок без гвалту, мы пашыраем сваю карціну свету і вучымся нешта тлумачыць. Гэта развівае інтэлектуальны патэнцыял. Ну і агулам адзін з найлепшых спосабаў справіцца са стрэсам — фізічная актыўнасць. Жывёлы акурат даюць такую магчымасць. Людзі, што перажылі траўму і маюць сабаку, часта кажуць, што чакаюць моманту, калі можна будзе пайсці на прагулку.