Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Вальфовічу паказалі зброю, якую ў расійскіх ваенных пабліках называюць «х*рнёй». У Беларусі ёю збіраюцца прыкрываць тэрабарону
  2. «Бачу, як яго гэта ламае». Беларуска расказала «Люстэрку» гісторыю брата, які трапіў у чорныя спісы і не можа ўладкавацца на працу
  3. «На каком основании меня выставили агентом?» Журналистка Семашко рассказала, что пыталась найти дома паспорт прикрытия своего мужа
  4. З рахунку зніклай Анжалікі Мельнікавай, куды прыходзілі сродкі для КР і «Кіберпартызан», былі знятыя грошы — «Белсат»
  5. Банки массово меняют условия обслуживания карточек
  6. В Беларуси больше не будет детских стоматологов. К кому теперь вести ребенка
  7. У Беларусі ашалела інфляцыя — асабліва прыкметна даражэюць прадукты
  8. СМИ: Трамп установил Путину дедлайн по прекращению огня, потом последуют санкции
  9. Эксперты рассказали, для чего Россия начала наступление на Сумскую область и какими могут быть планы Путина на этот регион
  10. «Самае цікавае яшчэ наперадзе». Прапагандыстка Бондарава, якая выйшла з «сутак», пракаментавала свой арышт
  11. З 12 красавіка ў Беларусі зноў даражэе аўтамабільнае паліва
  12. Угонял автобус и троллейбус, имел проблемы с алкоголем, но стал легендой. Рассказываем о спортсмене, который не боится спорить с властью
  13. На волю пасля пяці гадоў калоніі выйшаў палітвязень Павел Юхневіч. Ён цалкам адбыў тэрмін
  14. Папулярны актор, пісьменнік-дваяжэнец і разведчык. Расказваем пра таямніча зніклых беларусаў, якіх так ніколі і не знайшлі
  15. Новый поворот. Трамп еще больше поднял пошлины для Китая из-за «неуважения», но для других стран ввел отсрочку на три месяца
  16. Банки вводят изменения по переводам
  17. Лукашэнка: Беларусь гатовая прыняць 150 тысяч спецыялістаў з Пакістана
Читать по-русски


Педыятру з Бабруйска Міхаілу Самборскаму 42 гады, у мужчыны тры дачкі. У самым пачатку размовы ён з усмешкай расказвае, што вельмі любіў сваю працу і ведаў, напэўна, амаль усіх дзяцей горада. Але цяпер і медыцынская практыка, і звыклае жыццё для яго засталіся за спінай. Усё змянілася пасля затрымання проста ў бальніцы, вярбоўкі КДБ і экстраннага ад’езду з краіны. Цяпер Міхаіл жыве ў Польшчы, хоча зноў займацца медыцынай і спадзяецца аднойчы ўсё ж вярнуцца дадому.

Михаил Самборский с семьей. Фото из архива собеседника
Міхаіл Самборскі з сям’ёй. Фота з архіва суразмоўцы

«Калі ты нармальны доктар, то мусіш дапамагчы, хай і сам пацярпіш»

2020 год не стаў для Міхаіла пераломным. Мужчына падкрэслівае: яшчэ задоўга да гэтага ён цікавіўся беларускай гісторыяй і культурай, лічыў сябе патрыётам. У тым ліку змагаўся за правы беларускай мовы.

— Не скажу, што атрымлівалася вельмі паспяхова, але вось усё сваё справаводства і дакументацыю вёў на ёй, — расказвае доктар. — З пацыентамі размаўляў заўсёды па-беларуску. Ладзіў нават акцыі ў падтрымку беларускай мовы, стараўся выказвацца ў сацсетках. Ездзіў па ўсёй краіне на розныя экскурсіі і мерапрыемствы.

Тым летам суразмоўца не дапускаў і думкі пра такое жорсткае развіццё падзей, якое пачалося пасля выбараў. Здавалася, што ўсё будзе інакш, краіна пойдзе ў бок еўрапейскіх каштоўнасцяў і дэмакратыі.

— Самыя сумныя і трагічныя падзеі я прапусціў, бо ў мяне якраз быў адпачынак, і мы з сям’ёй адпачывалі на моры, — успамінае ён. — І толькі 15 ці 16 жніўня паехалі дадому. Атрымалася, што я пакінуў краіну ў адным выглядзе, а вярнуўся ў поўны жах. Таму з першых дзён, як прыехаў, уключыўся ва ўсё, што адбываецца. Удзельнічаў у акцыях пратэсту, дапамагаў палітвязням, праводзіў заняткі па першай дапамозе. Мне гэта было трэба, каб паважаць самога сябе.

Акцыя пратэсту ў 2020 годзе. Фота: TUT.BY

Праз падзеі таго лета Міхаіл сур’ёзна сварыўся з калегамі. Успамінае: тады няшмат дактароў з ягонага атачэння падтрымала пратэстоўцаў і выступіла супраць гвалту.

— У нашай прафесіі ты мусіш не проста мець дыплом, але і адпаведныя маральныя якасці, — упэўнены доктар. — І мяне абурала, што людзі, якія са мной працавалі, рабілі выгляд, нібыта нічога не адбываецца. Нашае пакліканне — ратаваць людзей, дапамагаць ім. У нас у крыві мусіць быць самаахвярнасць. Вось колькі разоў у мяне ў працы былі сітуацыі, калі разумееш, што справа ўжо сур’ёзная, ёсць пагроза жыццю. Тады ўжо не думаеш ні пра што, якія наогул ежа, сон, яшчэ нешта, калі трэба выратаваць чалавека. І я моцна палемізаваў з імі. Мне казалі: «Дактары мусяць быць па-за палітыкай». Але не па-за гонарам і сумленнем жа! І не хавацца, як прусакі па кутах. Калі ты нармальны доктар, для цябе няма іншых варыянтаў дзеянняў: ты мусіш дапамагчы, хай і сам пацярпіш. Лепш ты загінеш, чым усё сваё астатняе жыццё застанешся з пагардай і з гідлівасцю да сябе самога.

На такім піку натхнення і чакання пераменаў мужчына пратрымаўся прыкладна да лістапада 2020-га. Потым, успамінае суразмоўца, стала ясна, што ўсё ідзе не так, як хацелася:

— Гэта не значыла, што трэба змірыцца, але было зразумела, што нічога добрага найбліжэйшым часам не свеціць. Тое, што было мне вельмі дарагое, знішчалася. І людзі, якія мне вельмі дарагія і якіх я паважаю, трапілі пад рэпрэсіі.

«Адміністрацыя і галоўны ўрач стаяць і глядзяць, як мяне вядуць»

Снежань 2022 года сур’ёзна змяніў жыццё Міхаіла і яго сям'і. Тады проста на працу да мужчыны прыйшлі сілавікі.

— У той дзень мяне тэрмінова выклікалі да галоўнага ўрача. Прыходжу — адразу ж падыходзяць два мужыкі, бяруць за рукі і ўсё, наперад. І нямая сцэна: адміністрацыя і галоўны ўрач стаяць і глядзяць, як мяне вядуць, — успамінае Самборскі. — Наогул затрымлівалі супрацоўнікі наркакантролю. Яны тады сказалі, што я нібыта прадаваў наркотыкі і мяне за гэта пасадзяць на 10−15 гадоў. Вядома, я нічога такога не рабіў. Праз нейкі час прыехалі кадэбэшнікі і кажуць: «Вось, мы цябе выратавалі, ты нам абавязаны сваім жыццём. Калі будзеш сябе дрэнна паводзіць, наступным разам мы цябе не выратуем». І пасля гэтага пачаўся допыт: кадэбэшнікі хацелі, каб я з імі супрацоўнічаў. У мяне вельмі шмат знаёмых і сяброў у пэўных колах, якія мне безумоўна давяраюць. І сілавікі хацелі, каб я расказваў усё пра ўсіх. Пагражалі, што пасадзяць па наркатычным артыкуле, што прыйдуць па жонку, а дзяцей забяруць. Мне падалося, што гэта не блеф, што яны насамрэч так і зробяць.

Бобруйская городская детская больница. Фото: "Яндекс карты"
Бабруйская гарадская дзіцячая бальніца. Фота: «Яндэкс.Карты»

Акрамя спробаў завербаваць сілавікі спрабавалі і «перавыхаваць» медыка. Пыталі, навошта ён выказваўся супраць улады і гвалту, што яго не задавальняла і гэтак далей.

— Яны казалі: «Ты атрымліваў вялікі заробак, дзве тысячы рублёў. І што цябе штурхнула на шлях экстрэмізму, на злачынствы?» У іх вось такая логіка, маўляў, «чаго табе не хапала?». Дык у мяне заробак такі, бо я працаваў за дваіх ці за траіх, — канстатуе суразмоўца. — І на «шлях тэрарызму» мяне штурхнула жаданне самому сабе даказаць, што я нармальны чалавек.

Пасля допыту мужчыну адпусцілі: давялося паабяцаць, што ён будзе выконваць усе патрабаванні кадэбэшнікаў. Падчас гутаркі Міхаіл рашуча падкрэслівае, што нічым такім займацца не збіраўся. Але ў той момант нічога іншага сказаць не змог — інакш не выйшаў бы на волю. Пры гэтым ён упэўнены, што, калі б і стаў актыўна супрацоўнічаць, усё роўна трапіў бы за краты. Проста крыху пазней.

— Выйшаў адтуль, а другой гадзіне ночы, паехаў дадому. Зразумела, што сям’я нервавалася і перажывала ўвесь гэты час, бо цэлы дзень не было сувязі. Але адрэагавалі проста: добра, што жывы, што не забілі і не скалечылі, — успамінае Міхаіл. — На наступны дзень паехаў на працу, а там аказалася, што мяне ўжо звольнілі. То-бок усё начальства было ўпэўненае, што больш мяне не ўбачыць. У іх ужо на восем раніцы былі нарыхтаваныя ўсе акты наперад, што столькі дзён мяне няма на працы. Нават смешна стала. І потым самі кадэбэшнікі яшчэ бегалі і завіхаліся, каб мяне назад узялі — ім жа трэба было, каб я працаваў і супрацоўнічаў.

Пасля затрымання і допыту Самборскі заставаўся ў Беларусі каля паўгода. Мужчына ўспамінае, што сілавікі ўвесь час кантралявалі і яго, і жонку, правяралі лаяльнасць.

— Яны відавочна не верылі мне, — лічыць ён. — І мы жылі нібы з пятлёй на шыі. Адсочвалася маё месцазнаходжанне, у кватэры відавочна стаялі жучкі. То-бок я жонцы ў ложку нешта на вуха шаптаў ноччу, а ўжо на наступны дзень кадэбэшнікі ведалі пра гэта. І за ёй жа таксама быў пастаянны кантроль, ні секунды без назірання. Так што гэта было не жыццё.

Беларускія сілавікі. Фота: TUT.BY

Але вось прычынай хуткага ад’езду стала іншае. Міхаіл даведаўся, што некалькіх ягоных калегаў могуць затрымаць. Ён змог паведаміць ім і пра гэта, і пра пастаяннае назіранне за сабой.

— Зразумела, ніяк немагчыма было, каб я ведаў такое і не расказаў ім. Я мусіў папярэдзіць, — упэўнена кажа ён. — Потым давялося з’язджаць, каб не сесці ў турму. Падрабязнасцяў, прабачце, раскрыць не магу.

Арганізаваць ад’езд было вельмі складана, гэта была велізарная рызыка для бабруйчаніна і ягонай сям'і. Тое, што ўсё атрымалася, ён называе цудам.

— Мы з’язджалі ў канцы чэрвеня 2023-га, але паасобку. Жонка і дзеці не ведалі, куды і навошта едуць, пакуль не апынуліся ў бяспечным месцы. Ні я, ні нехта яшчэ з імі гэтага не абмяркоўваў. Увогуле, была вельмі складаная сістэма, і мы практычна нічога не змаглі з сабой узяць з рэчаў, — расказвае ён. — Прыехалі ў Арменію. Там я практычна кожны дзень вучыў польскую і стараўся аднавіцца пасля ўсяго перажытага.

«Галоўнае, усе разам, у бяспецы, жывыя і здаровыя»

Месяц таму сям’я Міхаіла пераехала ў Польшчу. Сваё цяперашняе становішча ён апісвае проста: «Я страціў і дом, і працу, і нармальнае жыццё». Але на сітуацыю не скардзіцца, дадаючы, што яму пашанцавала больш, чым многім беларусам.

— У Польшчы я яшчэ толкам не адаптаваўся. Мы жывём у цэнтры для бежанцаў: умовы даволі аскетычныя, затое за жыллё плаціць не трэба, — разважае суразмоўца. — Да таго ж тут нам аказваюць юрыдычную дапамогу і не толькі. Цяпер знайшоў працу на ферме. Ніколі не працаваў фізічна, але што зробіш? Вядома, збіраюся вярнуцца ў медыцыну, актыўна вывучаю мову. Тым больш у Польшчы ёсць і іншыя дактары, мы адно аднаго падтрымліваем. Пацверджанне дыплома патрабуе вельмі сур’ёзных матэрыяльных укладанняў, але я думаю, што іншага варыянту ў мяне няма. А так нічога, паціху спраўляемся. Галоўнае, усе разам, у бяспецы, жывыя і здаровыя. А матэрыяльнае — гэта справа нажыўная. Тут шмат украінцаў, і таксама людзі ўсё страцілі. Так што ў нас яшчэ не самая цяжкая сітуацыя. Тым, хто цяпер у турме, у гэтых засценках, значна горш.

Для жонкі Міхаіла, расказвае ён, самае галоўнае, што сям’я разам. Дочкі таксама адаптуюцца: сярэдняя пайшла ў школу, у якой ёй вельмі падабаецца, а малодшай проста ўсё вакол вясёлае і цікавае. Сам жа мужчына займаецца з псіхолагам, каб пазбавіцца наступстваў зносін з сілавікамі.

— Я да нядаўняга часу наогул не мог ні з кім размаўляць пра тое, што перажыў, — дзеліцца ён. — Толькі дзякуючы дапамозе спецыяліста пачало атрымлівацца, паволі траўмы лечацца. Але часам мне цяжка, хоць я дарослы чалавек. Галоўнае, я выразна ўсведамляю, што ў мяне ёсць такая праблема, і прымаю ўсе меры, каб яе вырашыць. Але трэба час, гэта ж не стрэмка, якую дастаў, і ўсё.

Митинг сторонников демократических сил Беларуси, в третью годовщину президентских выборов 2020 года, Краков, Польша, 9 августа 2023 года. Фото: Reuters
Мітынг прыхільнікаў дэмакратычных сілаў Беларусі ў трэцюю гадавіну прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, Кракаў, Польшча, 9 жніўня 2023 года. Фота: Reuters

Пра свой выбар Міхаіл не шкадуе. Азіраючыся назад, прызнаецца: калі б ведаў, як усё будзе, дзейнічаў бы крыху інакш, падаслаў бы саломкі ў патрэбных месцах.

— Але вось памяняць свае прынцыпы і погляды — не, гэта было б немагчыма. Не тое каб я герой нейкі, але ёсць рэчы, якія сапраўды важныя, — упэўнены ён. — Увогуле, стратэгічна так бы і рабіў, а вось тактычна крыху інакш, разумней. Хоць, вядома, па шкодзе мы ўсе разумныя.

Жыццё ў Польшчы бабруйчанін разглядае як часовае. Мяркуе, што дзеці могуць застацца, але вось сам Міхаіл упэўнены, што вернецца дадому.

— Ну, а як інакш? — задае ён рытарычнае пытанне. — Як толькі будзе магчымасць, як толькі не стане рэжыму. Мне здаецца, пасля перамогі над Расіяй будуць створаныя перадумовы для таго, каб людаедская ўлада змянілася на нешта больш прыдатнае для жыцця. І пачнецца шлях у бок цывілізацыі і дэмакратыі. Гэта ж мая зямля, мая краіна. Хто будзе займацца яе аднаўленнем, калі там застаецца ўсё менш нармальных людзей? Трэба будзе вяртацца і рабіць нешта, само нічога не здарыцца.

BYSOL абвясціў збор сродкаў для Міхаіла Самборскага і яго сям'і. Рэквізіты для дапамогі — па спасылцы.