Калі грамадзянін Беларусі гатовы «жыць і працаваць на стварэнне дзеля будучыні краіны», то ён можа без праблем прыехаць у краіну з-за мяжы і атрымаць пашпарт. Пра гэта заявіла спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў інтэрв'ю Марату Маркаву на тэлеканале АНТ.
«Гэта не нейкая жорсткая мера. Гэта рашэнне, якое прынятае ў нашай краіне. Мы жывём сваім жыццём па сваіх законах, са сваімі традыцыямі. Чаму хтосьці мусіць умешвацца ва ўнутраныя справы нашай краіны? Мы так вызначылі. Мы так вырашылі. Гэта нармальна», — заявіла Качанава.
Яна лічыць, што крытыка з боку краін Захаду і праваабарончых арганізацый «консульскага ўказа» Лукашэнкі — чаканая з’ява: «Ну трэба ж за нешта крытыкаваць тую краіну, якую ў прынцыпе крытыкаваць няма за што, па вялікім рахунку. Таму я да гэтага стаўлюся вельмі спакойна».
Спікер верхняй палаты парламента ўпэўненая, што праблем з атрыманнем пашпарта ў беларусаў, якія з’ехалі, няма.
«Калі ты хочаш мець дачыненне да гэтай краіны, прыедзь і атрымай дакумент, хто табе перашкаджае?» — задала рытарычнае пытанне Качанава.
Яна нагадала, што ў Беларусі працуе камісія па вяртанні ў Беларусь: «Калі ласка, прыязджайце. У нас сёння працуе камісія. Скажыце, дзе яшчэ, у якой краіне такое ёсць?»
Нагадаем, з 7 верасня афіцыйна набыў моц указ Аляксандра Лукашэнкі, згодна з якім дыпмісіі больш не будуць выдаваць пашпарты і афармляць некаторыя іншыя дакументы беларусам замежжа.
У Еўрасаюзе асудзілі новы закон і паабяцалі вывучыць «практычныя наступствы» ад яго прыняцця для грамадзян Беларусі, якія жывуць на тэрыторыі ЕС.
У Дзярждэпартаменце ЗША назвалі ўказ Лукашэнкі «апошнім у доўгай чарадзе цынічных адмоваў беларускага рэжыму ад сваіх асноўных абавязанняў перад сваім народам» і збіраюцца абмеркаваць з саюзнікамі і дэмсіламі, чым можна дапамагчы беларусам, якія з’ехалі ад рэпрэсій.
Чытайце таксама