Паводле звестак за другое паўгоддзе 2022 года, агульная колькасць зарэгістраваных замежнікаў, якія жывуць у Літве, складае 189 411 чалавек. З іх амаль 50 тысяч — беларусы, паведамляе Delfi са спасылкай на Дэпартамент міграцыі.
Найбольшая доля замежнікаў, якія жывуць у Літве, прыпадае на грамадзян Украіны — 94 891. Больш за дзве траціны з іх прыбылі ў Літву, ратуючыся ад вайны. Другую па велічыні групу замежнікаў складаюць грамадзяне Беларусі. Іх у Літве зарэгістравана 48 804. На трэцім месцы знаходзяцца грамадзяне Расіі — 15 706 чалавек. Больш чым палова расіян пасялілася ў Літве некалькі дзясяткаў гадоў таму.
«Асноўнай прычынай росту колькасці замежнікаў, якія жывуць у Літве, несумненна, з’яўляецца вайна ў Украіне, у выніку якой летась і ўзнік паток ваенных бежанцаў. Акрамя таго, колькасць замежнікаў павялічылася за кошт працоўнай іміграцыі, рост якой назіраецца ўжо некалькі гадоў», — расказала дырэктар Дэпартамента міграцыі Эвеліна Гудзінскайтэ.
Найбольшую колькасць дазволаў на часовае пражыванне ў Літве на падставе працы выдалі грамадзянам Беларусі — 25 556.
Нагадаем, за 2021 год грамадзяне Беларусі атрымалі ў краінах Еўрапейскага саюза 149 021 упершыню выдадзены від на жыхарства. Без малога палова была выдадзеная на падставе працы і амаль столькі ж — з іншых прычын, сярод якіх і бежанства.