Беларускі прапагандыст Рыгор Азаронак даў інтэрв'ю расійскай тэлевядоўцы Ксеніі Сабчак. Расказаў пра сімпатыю да манархіі, смяяўся з крыкаў збіваных людзей, тлумачыў сваё ўзнагароджанне баявым медалём і адмаўляў антысемітызм. Аказалася, Азаронку пішуць вершы, а сам ён піша заявы на непажаданых людзей.
Ад Лукашэнкі залежыць «усё нашае жыццё»
Азаронак лічыць, што беларускі дзяржтэлеканал СТБ — гэта «нешта кшталту НТВ» у Расіі. Паводле яго, на дзяржТБ пастаянна спачатку ў навінах паказваюць Аляксандра Лукашэнку таму, што «ад гэтага залежыць усё ў нашай краіне, усё нашае жыццё».
За што Азаронку далі медаль
У будынку на вуліцы Камуністычнай, дзе размяшчаецца СТБ, Сабчак спытала Азаронка пра ўзнагароджанне яго медалём «За адвагу» і прэтэнзіі з гэтай нагоды ветэранаў. З ягоных словаў, ветэраны былі фэйкавыя, а ўзнагародай яго адзначылі «за працу на мітынгах», дзе «нападалі, білі, пляваліся, падыходзілі нейкія баевічкі».
Прапагандыст лічыць, што крыўдзіцца на яго няма за што, бо «баявыя людзі, ветэраны — яны нашыя прыхільнікі» і «наогул пра такія дробязі не думаюць». Паабяцаў ездзіць на Данбас, каб «дакрануцца да гэтай гісторыі, дакрануцца да вялікага, дакрануцца да трагічнага, дакрануцца да прыгожага, да гэтых выбітных людзей».
Пратасевіч ужо не «забойца мірнага насельніцтва»
Далей Сабчак пытала ў прапагандыста, ці даваў ён абвяржэнне сваім словам, сказаным пра Рамана Пратасевіча ў 2021 годзе, нібыта той «забойца мірнага насельніцтва, нацыст з пазыўным Кім». Той адказаў, што была такая версія, а ў Беларусь «прыязджала пракуратура ЛНР, яго дапытвала, гэта не пацвердзілася». Абвяржэння фэйку Азаронак не даваў, бо «сітуацыя знікла», а пасля параўнаў Пратасевіча з нацысцкім прапагандыстам Ёзэфам Гебельсам — бо Раман фатаграфаваўся ў форме ўкраінскага падраздзялення «Азоў».
Антысемітам сябе не лічыць
Пазней Сабчак адзначыла, што Азаронак называў загінулага ў перастрэлцы з КДБ Андрэя Зэльцэра «касмапалітам грэбаным», намякаючы на магчымы антысемітызм Рыгора (у СССР «касмапалітамі» часам называлі габрэяў). Ён адказаў, што не асацыюе гэтае слова з габрэямі і не лічыць сябе антысемітам.
Пазней казаў, што ён «прыхільнік палкоўніка Квачкова».
Уладзімір Квачкоў быў арыштаваны ў 2010 годзе па абвінавачванні ў арганізацыі ўзброенага бунту ў Расіі і тэрарызме, праз тры гады асуджаны на 13 гадоў калоніі строгага рэжыму. У лютым 2019-га выйшаў на волю. Ідэнтыфікуе сябе як «рускі, хрысціянскі нацыяналіст, прыхільнік рускай праваслаўнай дзяржавы». Казаў, што Расія «акупаваная габрэйскай мафіяй, якая з’яўляецца матрыцай для астатніх злачынных груповак».
У Беларусі збіваюць «за парушэнне правапарадку»
Сабчак успомніла выпадак з Максімам Харошыным у 2020 годзе, якога 13 кастрычніка 2020 года затрымалі сілавікі, і ў той жа дзень пасля жорсткага збіцця ён быў дастаўлены з РУУС у бальніцу з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, пераломам носа і страсеннем галаўнога мозгу. Азаронак смяяўся і заявіў, што мужчыну збілі «за парушэнне правапарадку». Відаць, парушэнне было ў тым, што на пратэстах ён раздаваў кветкі.
Усміхаўся Азаронак і тады, калі Сабчак уключыла гукі збіцця на Акрэсціна ў Мінску 13 жніўня 2020 года. З ягоных словаў, там быў «бунт», затрыманыя «пачалі кідацца на міліцыянераў», было «ўсё па законе», катаванні ў Беларусі ён адмаўляе. Прапанаваў з’ездзіць на Акрэсціна і паглядзець там сітуацыю проста падчас інтэрв'ю. Аднак у ізалятары яны за час размовы так і не аказаліся.
Далей Азаронак пацвердзіў, што яму не ціснуць руку. З ягоных словаў, гэта таму, што ён «чырвона-карычневы, прапагандыст дыктатара». Сваім добрым сябрам называў кіраўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча.
Пазней стала ясна, што інтэрв'ю запісалі яшчэ летась, бо Сабчак казала пра будучыя выбары прэзідэнта ЗША — яны прайшлі 5 лістапада 2024 года.
Азаронак каля двух гадоў таму пераехаў ад бацькоў
29-гадовы прапагандыст расказаў, што недзе ў 2021−2022 гадах пераехаў ад бацькоў.
«Адслужыў у войску, працаваў. Ну няма іншага жылля. Навошта? Ну ўсё», — патлумачыў Азаронак.
Паводле яго, грошай, каб арандаваць кватэру, у яго не было. Заробку на СТБ для гэтага было недастаткова, а пазней «з'явілася магчымасць жыць асобна».
Маці Азаронка, з ягоных словаў, да пенсіі працавала на Камароўцы, а пазней пайшла ў кандуктары. Аднойчы за канфлікт з ёй затрымалі мужчыну, тады Лукашэнка сказаў, што ягоны лёс будуць вырашаць Азаронак з мамай. Пасля гэтага прапагандыст сустрэўся з кіраўніком МУС і прэс-сакратаром Лукашэнкі, як паведаміў, «мы яму даравалі». Аднак Лукашэнка сказаў, што дарма.
А назву сваёй перадачы «Таемныя спружыны палітыкі» Азаронак узяў з прапагандысцкага фільма бацькі Юрыя 2001 года. Паводле прапагандыста, абодва яны служаць Лукашэнку. І яго сын будзе яму служыць.
Выклікаюць у суд як пацярпелага
На працоўным стале Азаронка знайшоўся ліст з выклікам у суд у якасці пацярпелага. Там гаворыцца, што нейкі «Сатышур» незаконна сабраў і перадаў замежнай дзяржаве персанальныя звесткі прапагандыста.
Паводле яго, «такіх шмат». І Азаронак сам піша заявы на людзей.
У адным з лістоў быў верш «ад Ніны Аляксандраўны для Рыгора». Там ёсць такія радкі:
«Ты глас народа, ты совесть нации,
ты знаешь цену слову „честь“.
<…>
И сколько их, таких подонков, сидят чего-то ждут.
А ждут сэров заграничных, когда подачку им дадут».
Азаронак за манархію
Бліжэй да канца інтэрв'ю прапагандыст расказаў, што ён за «народную манархію». То-бок за тое, каб народ «выбіраў сабе правадыра, які вядзе яго ў правільным кірунку».
«Я за тое, каб Аляксандр Рыгоравіч наогул кіраваў без усялякіх выбараў. Але ў яго іншае меркаванне. Ён ідзе на выбары, ён перамог на выбарах у 1994 годзе, ён раз за разам гэтыя выбары праводзіць, і мы ўсе падтрымліваем яго», — сказаў Азаронак.
Калі Сабчак спытала пра паводзіны прапагандыста ў выпадку смерці Лукашэнкі, ён доўга маўчаў, сказаў, што «Лукашэнка будзе заўсёды», а потым дадаў, што будзе змагацца за працяг яго курсу.