У 2019 годзе ў Беларусі не мусіла быць ніякіх выбараў: парламенцкія прайшлі за тры гады да таго, у 2016-м, і зноў мусілі прайсці толькі праз год — у 2020-м, як і прэзідэнцкія. Аднак здарылася сенсацыя: Аляксандр Лукашэнка абвясціў пра датэрміновыя выбары ў Палату прадстаўнікоў. Навошта ён гэта зрабіў, ці была парушаная Канстытуцыя, якімі аказаліся вынікі і якое значэнне мела тая кампанія перад бурай 2020 года — успамінаем.
За доўгія гады свайго кіравання Лукашэнка і яго прыхільнікі ў парламенце выйгралі ўсе выбары — ва ўсялякім выпадку, пра гэта кожны раз заяўляў цалкам падкантрольны палітыку Цэнтрвыбаркам. Насамрэч (калі не лічыць першых прэзідэнцкіх выбараў 1994 года) вынікі заўсёды фальсіфікаваліся, прадзяржаўныя СМІ хлусілі, а на незалежных кандыдатаў ціснулі. Каб не даць на гэта забыцца, мы расказваем пра кожную выбарчую кампанію эпохі Лукашэнкі ў праекце «Без выбару».
Адмова ад лібералізацыі і стаўка на стэрыльны парламент
Папярэднія парламенцкія выбары адбыліся ў 2016-м. Тады ў Палату прадстаўнікоў нечакана трапілі дзве кандыдаткі з лагера праціўнікаў Лукашэнкі — Алена Анісім і Ганна Канапацкая. Праўда, каб уключыць іх у парламент, улады (як мінімум у выпадку адной з іх) сфальсіфікавалі выбары. Гэта ў ліку іншага прывяло да пэўнага паляпшэння адносін з Захадам — дэ-факта Палата прадстаўнікоў была прызнаная іншымі еўрапейскімі парламентамі. Ды і ў грамадстве, як многім падавалася, надышла палітычная «адліга» і вяртання да закручвання гаек не будзе (у 2020-м стане ясна, што гэта было памылкай).
Тры гады ў парламенце Анісім і Канапацкая як маглі прасоўвалі грамадскія ініцыятывы (напрыклад, Анісім прапаноўвала ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне), галасавалі супраць спрэчных законапраектаў і — магчыма, гэта стала адным з галоўных плюсаў прысутнасці іх у Авальнай зале — паказвалі гэтыя праекты грамадскасці да прыняцця парламентам, расказвалі пра заробкі дэпутатаў і пра тое, што наогул адбываецца на паседжаннях.
Пры гэтым Анісім і Канапацкая не пераходзілі пэўнай мяжы і ніколі асабіста не крытыкавалі Лукашэнку. Але ў 2019-м той пачаў рыхтавацца да наступных прэзідэнцкіх выбараў і паступова адыходзіць ад лібералізацыі другой паловы 2010-х. Апазіцыянеркі, якія набіралі медыйную вагу і рабіліся вядомымі, яму былі не патрэбныя. Парламент з такімі людзьмі напярэдадні правядзення прэзідэнцкіх выбараў з іх непазбежнымі фальсіфікацыямі здаваўся яму небяспечным. А таму ў Палаце прадстаўнікоў наступнага склікання вырашылі абысціся без іх.

Аналітык Юрый Дракахруст называў і іншыя прычыны, чаму новы парламент — з пункту гледжання Лукашэнкі — мусіў быць палітычна стэрыльным: у тым годзе Масква вяла наступ на эканамічны суверэнітэт Беларусі, змушаючы яе да яшчэ большай інтэграцыі. Лукашэнка на выбарчым участку паўтарыў, што не адмовіўся ад планаў змены Канстытуцыі (тады ў грамадстве абмяркоўвалася імавернасць транзіту ўлады). «Гэтыя тры выклікі падахвочвалі ўладу фармаваць новы парламент і нічога не аддаваць на самацёк. Не трэба ініцыятыўных дэпутатаў, якія прапануюць нейкія законапраекты, задаюць пытанні, ствараюць легітымны шум. А раптам іх нехта паслухае, а раптам іх прамовы стануць каталізатарам нейкіх нечаканых паваротаў?» — адзначаў Дракахруст.
Гэтыя ж фактары таксама тлумачаць, чаму Лукашэнка вырашыў не чакаць і ў пачатку жніўня 2019 года абвясціў, выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 7 лістапада. Такім чынам, як лічаць праваабаронцы, былі парушаныя артыкулы 93 і 94 Канстытуцыі: парламент мусіў адпрацаваць чатыры гады, але фактычна распускаўся без усялякіх падставаў на год раней. Пераабраць яго ў 2019-м можна было толькі абвясціўшы датэрміновыя выбары, для чаго мусіў быць выкананы шэраг абставінаў (вотумы недаверу парламенту ці ўраду). Аднак выбары абвяшчаліся самыя звычайныя, проста раней на год — і гэта было антыканстытуцыйна.
Новая кампанія пачалася паказальна: Анісім і Канапацкую не зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў. Такі ж лёс чакаў і шэраг іншых прадстаўнікоў альтэрнатывы: лідара Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, кіраўніка асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўгена Шаўко, журналістку Ірыну Халіп.
Улады чапляліся да неістотных дробязяў. Напрыклад, у падпісных лістах за Анісім некаторыя грамадзяне не адзначалі каля свайго месца жыхарства Стаўбцоўскі раён, напісаўшы толькі толькі вёску ў гэтым раёне або сваю вуліцу і дом, на некаторых лістах дату паставіў зборшчык подпісаў, а не сам падпісант.
Як тлумачыў кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, «у цэлым акруговыя камісіі выкарыстоўваюць даўно абкатаную схему. Ёсць дзве ключавыя праблемы. Па-першае, шырокае тлумачэнне, якое змяняецца ад выбараў да выбараў, пра тое, што такое не вартыя даверу подпісы. Раней, напрыклад, не вартымі даверу прызнавалі подпісы, у якіх год быў напісаны не цалкам, то-бок чалавек, які падпісваўся за кандыдата, пісаў: „07.10.16“, а не „07.10.2016“. У судах казалі, што гэта парушэнне інструкцыі па справаводстве, дата павінная пісацца цалкам. То-бок няма ніякіх сумневаў у тым, што чалавек паставіў подпіс у гэты дзень, але праз такія фармальныя „рагаткі“ подпіс прызнаецца несапраўдным. І такіх нюансаў можна прыдумаць мільён, калі трэба „зрэзаць“ кандыдата».
Сустрэчы з нулявой аўдыторыяй і звыклае фармаванне ЦВК
Адмовай ад рэгістрацыі шэрагу кандыдатаў справа не скончылася. Улады імкнуліся максімальна выпусташыць электаральную кампанію. Напрыклад, 16 верасня 2019 года ў Мінску ля ГУМа прайшоў пікет памяці палітыка Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, выкрадзеных «эскадронамі смерці» ў 1999-м. Мерапрыемства было арганізаванае ў межах збору подпісаў за вылучэнне кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалая Казлова кандыдатам у дэпутаты. За гэта акруговая камісія вынесла Казлову папярэджанне: там палічылі банер «20 гадоў — мы памятаем» агітацыйным матэрыялам. «Яны лічаць, што, акрамя біяграфіі і фота вылучэнца ў кандыдаты, мы нічога не можам больш паказаць, — казаў Казлоў. — Гэта выпустошванне кампаніі, спроба зрабіць яе безаблічнай, нецікавай і нікому не патрэбнай. Гэта абсурд, бо чалавек, які ставіць подпіс, мусіць разумець, за каго яго ставіць».
Зварот кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Няпомняшчага не пусцілі ў эфір ТБ. «Галоўная мая „віна“ ў тым, што першым пунктам маёй праграмы ў парламенце будзе імпічмент Лукашэнку», — тлумачыў ён. У сваім звароце ён таксама прапанаваў скараціць ахову прэзідэнта да двух чалавек, а дэпутатам знізіць заробак да мінімальнай адзнакі па краіне. Зняцце з эфіру запісаных паведамленняў аказалася не адзіным.
Акрамя таго, дзяржаўная газета «Вячэрні Мінск», якая была абавязаная друкаваць праграмы ўсіх сталічных кандыдатаў, не надрукавала праграмы таго ж Мікалая Казлова. У яе тэксце кандыдат не толькі апісаў сваю біяграфію (раней быў міліцыянерам і на выбарах 2008 года злавіў сябраў участковай камісіі на ўкідзе бюлетэняў), але і выступіў супраць «фальсіфікацыі выбараў, узурпацыі ўлады і карупцыі», адстойваў змяняльнасць улады і сумленныя выбары, правядзенне сістэмных рэформаў і еўрапейскі шлях развіцця краіны. Выступіць са сваёй праграмай Казлову не далі не толькі ў газеце — такое права ў яго забралі і на тэлебачанні (зварот быў запісаны, але не выпушчаны ў эфір).
Такім чынам, усе вострыя моманты, здольныя прыцягнуць цікавасць выбаршчыкаў і сфармуляваць важныя грамадскія праблемы, штучна выдаляліся з грамадскай прасторы. Веры ў тое, што парламент нешта можа змяніць, таксама не было. У варыянце Канстытуцыі, які Лукашэнка «праціснуў» праз рэферэндум 1996 года, з’явілася наступнае палажэнне: «Законапраекты, вынікам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне ці павелічэнне выдаткаў, могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды прэзідэнта альбо на яго даручэнне — урада». Пад гэтую фармулёўку можна было падагнаць любы дакумент, ды і цяжка ўявіць сабе праект закона, пра які можна адназначна сказаць загадзя, што ён не запатрабуе карэктавання па дзяржаўных выдатках. Гэта стала адной з прычын, чаму з таго часу заканадаўчая ініцыятыва нават нешматлікіх апазіцыйных дэпутатаў была практычна зведзеная да нуля.
Нядзіўна, што цікавасць грамадства да выбараў была мінімальная. Падчас кампаніі ў Facebook з’явіліся амаль ідэнтычныя фатаграфіі з выбарчых сходаў двух кандыдатаў у дэпутаты — апазіцыянера, лідара сацыял-дэмакратаў Ігара Барысава і праўладнага кандыдата, дыпламата Андрэя Савіных. На абодвух фота — самотны кандыдат і пустая зала.
Адсутнасці цікавасці ўсяляк спрыялі і ўлады. Міжнародныя назіральнікі правялі маніторынг СМІ. Хоць выбары былі не прэзідэнцкімі, а парламенцкімі, акцэнт быў зроблены на дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі. Агульнанацыянальныя і рэгіянальныя тэлеканалы, ахопленыя маніторынгам, прысвяцілі яму, адпаведна, 75 і 68 працэнтаў свайго навінавага асвятлення (у нейтральным ці пазітыўным тоне). Яшчэ 8 і 11 працэнтаў часу асвятлення ў вечаровых рэгіянальных навінах прысвяцілі мясцовым органам улады і ўраду. Часу на кандыдатаў не заставалася.
Таксама ўлады звыклым чынам падрыхтаваліся да «падліку» галасоў. У 110 акруговых выбарчых камісій, дзе было некалькі сотняў сябраў, уключылі ўсяго 31 прадстаўніка апазіцыйных партый, у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі — трох. Напрыклад, Рух «За Свабоду» вылучаў 117 прадстаўнікоў ва ўсе акруговыя і тэрытарыяльныя камісіі, але атрымаў толькі чатыры месцы ў акруговых. Грамадскае аб’яднанне «Гавары праўду» вылучала 36 чалавек, але ніводзін з іх не быў уключаны ў склад камісій. У асноўным жа ў камісіі бралі прадстаўнікоў праўладных партый і арганізацый.
Фальсіфікацыі і зафіксаваны на відэа ўкід бюлетэняў
У 2019 годзе маштаб датэрміновага галасавання аказаўся большым, чым калі-кольвек раней. Афіцыйная яўка выбаршчыкаў на яго склала 35,77%, што было самым высокім вынікам на парламенцкіх выбарах апошніх гадоў. Аднак 30% незалежных назіральнікаў ад ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зафіксавалі факты прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні (для параўнання, у 2016-м пра гэта сведчылі 18% назіральнікаў).
Прадстаўнікі гэтай ініцыятывы сачылі за «датэрміновай» яўкай на 94 участках па ўсёй краіне. На 32 участках яны падлічвалі кожнага, хто прыйшоў галасаваць датэрмінова. У канцы гэтага этапу на ўсіх 32 участках лічбы ў пратаколах камісій аказаліся нашмат вышэйшымі, чым налічылі назіральнікі. Часам яўка на паперы была завышаная ў два, тры, пяць і нават адзінаццаць разоў. Звычайна такая маніпуляцыя з яўкай выкарыстоўваецца для таго, каб створаны масіў «галасоў» аддаць патрэбнаму кандыдату — альбо шляхам укіду бюлетэняў (што нескладана зрабіць ноччу, калі назіральнікі не сочаць за скрыняй на ўчастку), альбо проста акуратна падбіўшы лічбы падчас выніковага падліку.
З беларускімі незалежнымі назіральнікамі былі салідарныя і іх калегі з місіі АБСЕ, якія палічылі звесткі ЦВК пра яўку сур’ёзна завышанымі. Міжнародныя назіральнікі адзначалі, што скрыні для галасавання не былі апячатаныя ў адпаведнасці з працэдурамі ў 5% выпадкаў. Калі скрыні для галасавання заставаліся без нагляду, іх можна было лёгка замяніць. Прарэзы ў скрынях апячатваліся на час перапынкаў і на ноч толькі з выкарыстаннем аркуша з подпісам. Пры гэтым скрыні не змяшчаліся ў сейф ці металічную шафу практычна на палове выбарчых участкаў, на якіх ажыццяўлялася назіранне. Прычына была банальная: памеры шафаў і скрыняў былі несумяшчальныя.
Адзін з самых вядомых эпізодаў той кампаніі звязаны са спробай укіду бюлетэняў. 13 лістапада яе зняў на відэа назіральнік на ўчастку ў Брэсце Юрый Вашчанчук. Прасунуць у шчыліну стос папер збіралася педагог-псіхолаг мясцовага дзіцячага садка Анастасія Кулічкова — яе начальніца Таццяна Мосіна акурат узначальвала выбарчую камісію на тым участку.
Ужо на наступны дзень кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што мужчыну трэба пазбавіць акрэдытацыі. «Ён здзейсніў злоснае парушэнне закона — і грамадзянскага, і выбарчага. Па-першае, нікога нельга здымаць — ні дзяўчат, ні юнакоў — без іх згоды. Здымаць на выбарчым участку можна толькі са згоды старшыні ўчастковай камісіі. Нельга круціцца ля скрыні для галасавання. І тым больш нельга патрабаваць чаго-небудзь у грамадзян. Ён што, участковы оперупаўнаважаны, каб яму дэманстравалі, што ў іх знаходзіцца ў руках?» — сказала яна. Так і адбылося — яшчэ праз дзень Вашчанчука пазбавілі права назіраць за выбарамі, абвінаваціўшы ў тым, што ён «перашкаджае выбарчаму працэсу», «падыходзіць да скрыняў», «кепска камунікуе з сябрамі камісіі».
На рэзанансны інцыдэнт, пра які расказвалі незалежныя СМІ, адрэагаваў і Аляксандр Лукашэнка — ён вырашыў абразіць назіральніка. «Калі нейкі, прабачце мне, му*ак ці прыдурак пачынае кідацца на выбаршчыкаў, [трэба] каб яму ўставілі мазгі так, каб яму больш не хацелася. Вы ведаеце, як гэта ўмеюць міліцыянеры рабіць», — заявіў ён.
Шматлікія парушэнні фіксаваліся і ў асноўны дзень галасавання. Падлік галасоў атрымаў ад АБСЕ негатыўную ацэнку ў 31% выпадкаў. Празрыстасць падліку была абмежаваная на 36% выбарчых участкаў, бо назіральнікаў не падпусцілі да сталоў, дзе ішоў падлік галасоў і складаўся афіцыйны пратакол, пакінуўшы стаяць удалечыні. Міжнародныя назіральнікі адзначылі прыкметы ўкіду бюлетэняў у стацыянарную скрыню для галасавання (13 выпадкаў, або 8% назіранняў) і фальсіфікацыю вынікаў (12 выпадкаў), уключаючы выпадкі, калі галасы кандыдата з выйгрышнай большасцю наўмысна замяняліся галасамі за іншага кандыдата. Назіральнікі зрабілі выснову, што працэс не адпавядаў міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў.
Прадказальныя вынікі і спакой перад бурай
ЦВК абвясціў, што выбары адбыліся ва ўсіх 110 акругах, яўка склала 77,22%. Ні адзін прадстаўнік апазіцыі ў парламент не прайшоў.
Сярод новых дэпутатаў аказалася нямала вядомых дзяржслужбоўцаў ці праўладных актывістаў. Экс-міністр Лілія Ананіч, начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Алег Белаконеў, экс-амбасадар Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Валерый Міцкевіч, праўладны гісторык Ігар Марзалюк, кіраўнік мінскай ячэйкі БРСМ Сяргей Клішэвіч, тэлевядоўца Тэнгіз Думбадзэ, дыпламатка і Міс Беларусь — 2018 Марыя Васілевіч, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.
У новы парламент трапіў адзін прадстаўнік ад Беларускай аграрнай партыі, два — ад Беларускай патрыятычнай, адзін — ад ЛДП (гаворка пра Алега Гайдукевіча), шэсць — ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і 11 чалавек — ад Камуністычнай партыі Беларусі. Але ўсё гэта былі праўладныя кандыдаты, чыя наяўнасць у Авальнай зале ніяк не паўплывала на палітыку.
План Лукашэнкі спрацаваў: гэты парламент сутыкнуўся з выклікам 2020 года — фальсіфікацыяй выбараў і гвалтам сілавікоў — і не зрабіў нічога, каб яму супрацьстаяць. Аднак перамога аказалася піравай. Як вы памятаеце, вышэй мы расказвалі, што ў 2019-м на сустрэчу з кандыдатамі не прыходзіў ніхто з выбаршчыкаў. Аднак гэтая нібыта апатыя аказалася ўяўнай.
Так, лакмусавай паперкай стаў фільм NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы»: ён выйшаў 25 кастрычніка 2019-га і за першыя чатыры дні набраў 1 млн праглядаў. Усяго праз тры тыдні, адразу пасля выбараў, аналітык Юрый Дракахруст пісаў, што яго паглядзелі ўжо два мільёны чалавек.
«То-бок не ўсім усё адно. Пакуль на ўзроўні ўспрымання, стаўлення. Пакуль не на ўзроўні палітычнага дзеяння, што паказала і [перадвыбарная] акцыя, што прайшла на заклік NEXTA ў Мінску 8 лістапада (на яе сабраліся сотні людзей. — Заўв. рэд.). Але два мільёны праглядаў — гэта паказчык таго, што спакой — уяўны. Адсюль і беспрэцэдэнтная кампанія ціску на назіральнікаў на выбарах. Раней Аляксандр Лукашэнка назіральнікам не пагражаў карамі, а Ярмошына не заклікала пакараць назіральніка, які зафіксаваў парушэнні», — адзначаў Юрый Дракахруст.
Яшчэ адна паказальная гісторыя — у Магілёве невядомыя даведаліся хатні адрас старшыні ўчастковай выбарчай камісіі № 32 Марыны Зубарэнка і яшчэ да выбараў расклеілі ўлёткі на кожным з пад’ездаў шматпавярховіка. У іх было напісана, што на ўчастку ўжо выбралі дэпутата і ўсё дзякуючы старшыні. Тамсама быў надрукаваны хатні адрас і патрабаванне заклікаць жанчыну да адказнасці. Такія з’явы стануць паўсюднымі ў наступным годзе.
Не прайшло і месяца пасля парламенцкіх выбараў, як у Мінску пачаліся пратэсты. У тую восень актыўна ішло «паглыбленне інтэграцыі» паміж Беларуссю і Расіяй, узгадняліся дарожныя карты. 7 снежня Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Сочы, назаўтра чакалася падпісанне пагаднення пра паглыбленую інтэграцыю. У той жа дзень беларусы выйшлі ў Мінску на пратэст супраць яе. Пагроза страты незалежнасці шырока абмяркоўвалася ў грамадстве. Акцыя паўтарылася 8 снежня, і пагадненне падпісанае не было (яго закінулі, а ўсе дарожныя карты інтэграцыі Беларусь і Расія падпісалі толькі ў лістападзе 2021 года — на піку рэпрэсій і незадоўга да ўварвання ва Украіну).
20 і 21 снежня 2019-га, калі ў Санкт-Пецярбургу аднавіліся перамовы, у Мінску зноў прайшлі мітынгі, а апошняя акцыя была 29 снежня. Гэтыя пратэсты не былі надта масавымі (удзельнічалі сотні чалавек), але дакладна сталі вельмі прыкметнымі. І нагадалі беларусам, што за сваё можна змагацца.
Так скончылася апатыя, якая, здавалася, панавала ў беларускім грамадстве. Тое, што ўсё гэта адбылося ўвосень 2019-га, сведчыць, што абурэнне назапашвалася ўжо тады.
2020 год чакаў нас усіх наперадзе.
Чытайце таксама


