Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Хоккейное «Динамо-Минск» сотворило главную сенсацию в своей истории. Рассказываем, что произошло
  2. «Наша Ніва»: Муж беларусской журналистки за границей не единственный, кто имеет паспорт прикрытия
  3. Рэкет, рэйдарства, згвалтаванні, жорсткія забойствы, сілавікі на зарплаце і лаяльнасць уладаў. Расказваем пра найбуйнейшую банду Беларусі
  4. Темпы российского продвижения в Украине неуклонно снижаются с ноября 2024 года. В ISW назвали причину
  5. «Мне отказано в назначении». Женщина проработала 30 лет, но осталась без трудовой пенсии — почему так произошло
  6. Чыноўнікі расказалі, якія тавары могуць падаражэць найбліжэйшым часам. Тлумачым, з чым гэта звязана
  7. В Беларусь пытались ввезти рекордную контрабанду взрывчатки. Вот что узнало «Зеркало» о водителе
  8. У культового американского музыканта, получившего Нобелевскую премию, нашли беларусские корни
  9. Качанава абурылася ахвяраваннем правоў дзеля палітыкі, але не ўспомніла пра рэпрэсіі ў Беларусі
  10. Гандлёвыя войны, падзенне цэн на нафту — якіх курсаў чакаць у красавіку: прагноз па валютах
  11. По госТВ рассказали, как задержали экс-калиновца Максима Ралько. Похоже, он сам вернулся в Беларусь
  12. «Чакаем, калі з'явіцца». Былы муж Анжалікі Мельнікавай расказаў, дзе цяпер ён і дзеці і ці ведае пра месцазнаходжанне спікеркі КР
  13. Погибший в Брестском районе при взрыве боеприпаса подросток совершил одну из самых распространенных ошибок. Что именно произошло
Читать по-русски


Сяргей Бябешка — знакавы трэнер для нашага гандбола. Ён аддаў Беларусі шэсць з паловай гадоў, узначальваючы мінскае «Дынама» і БГК імя Мяшкова (сёння — «Мяшкоў Брэст»). Кожны сезон яго каманды станавіліся чэмпіёнамі краіны. Таксама абодва беларускія клубы пад кіраўніцтвам Бябешкі дабіраліся да 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Украінца з іспанскім пашпартам вайна заспела ў Расіі — у клубе «Данскія Казакі — ЮФУ» з Таганрога. У інтэрв'ю «Люстэрку» алімпійскі чэмпіён 1992 года ў якасці гульца расказаў пра сітуацыю ў роднай Новай Кахоўцы і ўкраінскі дух, успомніў расійскую разруху і ацаніў стан беларускага гандбола.

Сергей Бебешко. Фото: bgk-meshkova.com
Сяргей Бябешка. Фота: прэс-служба гандбольнага клуба «Мяшкоў Брэст»

Франка, вайна, дыктатары

— Як праходзяць цяпер вашыя будні?

— Жыву ў іспанскім Сьюдад-Рэале. Адпачываю, гуляю, займаюся сямейнымі справамі. Дапамагаю сваякам, якія пацярпелі ад вайны. Пакуль няма жадання сур’ёзна ўпрагацца ў працу. Мне складана маральна настроіцца пасля пачатку баявых дзеянняў. Апошнія гады іспанскі гандбол у заняпадзе ў плане фінансаў. У наймацнейшай лізе ASOBAL толькі «Барселона» моцна стаіць на нагах. Астатнія часта зводзяць канцы з канцамі. Заробкі смешныя. Клікалі трэніраваць жанчын, але гэта іншая спецыфіка. Асабліва ў плане псіхалогіі. Не разумею трэнераў, якія кідаюцца паміж мужчынскімі і жаночымі камандамі. Можа, калі моцна прыпрэ, рызыкну паспрабаваць.

— У вашым горадзе шмат уцекачоў?

— Дастаткова. Сьюдад-Рэаль невялікі — насельніцтва каля 75 тысяч. Ведаю, што па праграме дапамогі Чырвонага Крыжа тыдзень таму праходзіла 150 украінцаў. Знаёмая працуе ў гэтай арганізацыі.

— Іспанцы салідарныя з украінцамі?

— Вядома, ёсць розныя меркаванні. Хтосьці скардзіцца на рост цэн у сувязі з вайной. Хоць Іспанія не асабліва залежыць ад расійскіх энерганосьбітаў. Але ў маім коле ўсе салідарныя. Іспанія добра памятае сваю Грамадзянскую вайну, якая скончылася дыктатурай Франка. Многія людзі тады пацярпелі ад рэпрэсій і былі вымушаныя іміграваць. Зразумела, нікому не падабаецца, калі адна краіна шантажуе ўсю Еўропу.

— Пуцін і Лукашэнка — спадчыннікі Франка?

— Цяжка параўноўваць. Усё-такі розныя эпохі. Але дыктатары Пуцін і Лукашэнка — гэта адназначна. Баюся, у Расіі і Беларусі сёння немагчымая рэвалюцыя. Людзі сядзяць як краты ў нары. Толькі высунеш галаву — дадуць па галаве. Настолькі закручаныя гайкі і задушаныя правы чалавека. Знутры крыху ведаю сітуацыю. У Расіі падтрымліваюць Пуціна і вайну, хоць самі жывуць у галечы.

Газ, Крым, гісторыя

— Што вы ўбачылі ў Таганрогу?

— Трапіў нібыта ў перыяд СССР. Прыватны сектар, які быў 40 і гадоў таму, дарогі, дзе ямы закідваюць зямлёй… Толькі-толькі ў Таганрогу дабудавалі трамвайную лінію. У Расіі, дарэчы, нядаўна выраслі тарыфы на газ, хоць у краіне столькі энергарэсурсаў. Некаторыя гарады наогул не газіфікаваныя. Але людзі ў глыбінцы пра гэта не задумваюцца. Плюс ідзе пастаяннае замбаванне праз тэлебачанне.

— Навошта Пуціну новыя тэрыторыі?

— Добра не жылі на старых землях — нічога страшнага. Галоўнае, каб ва Украіне было не лепш. А новыя тэрыторыі — гэта амбіцыі. У Расіі няшмат такіх месцаў, як Крым, Херсонская вобласць, Марыупаль. Калі ўзяць маю родную Херсонскую вобласць, Новую Кахоўку, то там Паўночна-Крымскі канал. Падача вады для Крыма. То-бок рэсурсы.

— Ваш родны брат па-ранейшаму ў акупацыі ў Новай Кахоўцы?

— Так. Сітуацыя цяжкая. У любы момант можа прыляцець — жывуць адным днём. Брат не хацеў з’язджаць. Думаў, што потым не будзе куды вярнуцца. А цяпер закрыты выезд на ўкраінскую тэрыторыю. У Новай Кахоўцы засталося 20 працэнтаў насельніцтва. Амаль усе — пенсіянеры. Ім даюць у месяц па 10 тысяч расійскіх рублёў на чалавека (прыкладна 144 даляры. — Заўв. рэд.), прычым па грошы трэба ледзь не ноччу займаць чаргу. Усё вязуць з Крыма. Цэны падняліся ў 3−4 разы. А стрыечны брат выехаў з сям’ёй з Украіны ў Іспанію. Да іх акупанты двойчы цягам тыдня прыходзілі са зброяй ноччу з ператрусам — родныя жылі проста ля галаўнога будынка Паўночна-Крымскага канала. У сына стрыечнага брата быў нервовы зрыў. Вырашылі з’ехаць.

Сергей Бебешко. Фото: bgk-meshkova.com
Сяргей Бябешка. Фота: прэс-служба гандбольнага клуба «Мяшкоў Брэст»

— Ваш самы цяжкі эмацыйны момант з пачатку вайны?

— Спачатку не верылася, што Украіна зможа выстаяць — настолькі нечаканым быў напад. Дзякуй Богу, трымаемся. Праўда на нашым баку. Пуціну б не перашкодзіла пачытаць сапраўдную гісторыю — дух вольнага народа нікуды не падзеўся. Мы не аддамо сваёй зямлі. Вельмі радаваўся, калі вызвалілі Харкаўскую вобласць, Херсон. А моцна засмучае любы абстрэл мірнага насельніцтва, інфраструктуры. Цяжка зразумець, для чаго гэта робіцца: забойствы нявінных людзей, ракетныя ўдары па ЦЭЦ. Баюся, новыя ахвяры непазбежныя. Праўда, дагэтуль задаюся пытаннем: калі Расея захопіць нешта — што далей? Як жыць з народам, які ненавідзіць акупантаў? У Херсонскай вобласці, напрыклад, іх падтрымлівае мізер. Астатніх выселяць і заселяць расіян з Сібіры?

Крэдыты, меркаванне, Шаўцоў

— Украіна развівалася ў апошнія гады?

— Не буду абагульняць. Напэўна, залежыць ад рэгіёна. Але нешта бачыў сам, а пра іншыя месцы мне расказвалі тыя, каму давяраю. Краіна сапраўды пачала развівацца. З’явілася больш магчымасцяў у моладзі. Некаторым прадпрымальнікам да 5% знізілі падатак. Стала менш карупцыі, калі параўноўваць з часамі Януковіча. Так, праблемы былі: пенсіянеры па-ранейшаму заставаліся малазабяспечанымі. Складана сказаць, куды б прывёў краіну шлях, абраны ўрадам. Мы не ведаем. У любым выпадку, думаю, гэта адна з прычын вайны. Расія не можа дазволіць, каб нехта побач жыў лепш. Трэба ўсё знішчыць, а потым расказваць, што хутка тут будзе рай. Хоць яны самі штучна стварылі галечу з такой колькасцю прыродных рэсурсаў. Загналі насельніцтва ў крэдыты. Кабала. У нас у Таганрогу ўсе ў камандзе былі ў крэдытах. І што рабіць, калі пачнеш пратэставаць і заўтра выкінуць з прафесіі?

— Страцілі кантакты, знаёмствы пасля пачатку вайны?

— Залежыць ад пазіцыі чалавека. З кімсьці перастаў камунікаваць, з іншымі магу трохі пагаварыць на нейтральныя тэмы. Але мала расіян, якія супраць вайны. Беларусы выказвалі мне і Украіне значна больш падтрымкі, хай і непублічна. Баяцца. Што да спартоўцаў, трэнераў, то яны ў асноўным прытрымліваюцца думкі, што не варта лезці ў палітыку. Мая хата з краю. Асуджаць баязлівасць нават не хочацца. Гэта няшчасныя людзі.

— Галоўнае — не высоўвацца. Гэтаму нас вучаць з ранніх гадоў.

— Цяпер стала яшчэ горш. Як можна дзіця ў садку ці школе апрануць у ваенную форму, пасадзіць (хай нават у цацачны) танк? Чалавеку з дзяцінства гавораць, што вайна — гэта правільна, а памерці нястрашна. А ўкраінцы — народ, які мае сваё меркаванне. Калі працаваў у Беларусі, то лаяўся з Шаўцовым (Юрый Шаўцоў — галоўны трэнер мужчынскай зборнай. — Заўв. рэд.), Канаплёвым (Уладзімір Канаплёў — старшыня федэрацыі гандбола. — Заўв. рэд.). Я рабіў так, як лічыў патрэбным, кіруючыся інтарэсамі сваёй каманды, а не хадзіў і дагаджаў. Яны ж прывыклі як у СССР. Маўляў, трэнер зборнай стаіць над усімі.

— Шаўцоў даўно жыве ў Германіі, прыязджаючы ў Беларусь толькі час ад часу. Чаму ён не выступае супраць вайны?

— Напэўна, зручна проста атрымліваць заробак. Навошта ствараць сабе лішнія праблемы, галаўны боль? На апошнім чэмпіянаце Еўропы беларусы былі 17-мі. Перад гэтым такая ж пазіцыя на чэмпіянаце свету. Хоць раней на ЧЕ тройчы займалі дзясятае месца. Відавочна, што гэта рэгрэс. Пытанне, як рэагуе кіраўніцтва. Калі Шаўцоў на месцы, то ўсіх усё задавальняе. І самога трэнера, і федэрацыю. Шаўцоў жыве ў Германіі, а зборная нідзе не гуляе, акрамя таварыскіх матчаў. Відавочна, што ў найбліжэйшыя гады беларусаў нікуды не пусцяць.

Юрий Шевцов. Фото: Белорусская федерация гандбола
Юрый Шаўцоў. Фота: Беларуская федэрацыя гандбола

— А Сяргей Рутэнка? Вас здзіўляе, што ён падтрымлівае Лукашэнку?

— У Сяргея быў дом у Сьюдад-Рэале за 500 метраў ад мяне. Напэўна, вырашыў зарабіць у Беларусі, калі пераехаў і выступае за дзейную ўладу. Гэта выбар Рутэнкі.

Ізаляцыя, Мяшкоў, украінец

— Вас клікалі ў зборную Беларусі?

— Не. Ды і не факт, што пагадзіўся б. Я ж украінец, а Канаплёў заўсёды слухаў Шаўцова. Хоць, думаю, мала хто зрабіў столькі для беларускага гандбола, як трэнер. Без фальшывай сціпласці скажу, што ўсюды даваў хуткі вынік. Канаплёў у свой час казаў шмат цёплых словаў, што беларускія зборнікі ў мяне ўвесь час гулялі.

— Вам крыўдна як прафесіяналу за тое што адбываецца з нашым гандболам?

— Безумоўна. Той жа «Мяшкоў Брэст» толькі раз пасля майго адыходу дамогся нядрэннага выніку — у сезоне-2020/21 трапілі ў ¼ фіналу Лігі чэмпіёнаў. Гэта быў паўпандэмійны год, што моцна ўплывала. А цяперашняя міжнародная ізаляцыя адкіне зборную і клубы на гады таму.

— Як ставіцеся да кіраўніка брэсцкага клуба Аляксандра Мяшкова?

— Яму трэба ставіць помнік. Чалавек працаваў у Маскве, займаючы высокую пасаду ў «Газпраме», але ў маю бытнасць пастаянна прылятаў на матчы, стараўся заглыбіцца ва ўсе працэсы. Хіба што залішне даверыўся спартыўнаму дырэктару Паўлу Башкіну, які з’ехаў з Брэста, калі ўсё стала кепска. Але нават у сённяшняй цяжкай сітуацыі Аляксандр Мяшкоў захаваў каманду. Вельмі цёплыя ўспаміны захаваліся пра Аду Канстанцінаўну (жонка Анатоля Мяшкова, у гонар якога і названы гандбольны клуб. — Заўв. рэд.). Часта клікала ў госці, маглі душэўна пагаварыць. Гэта было выдатна.

— Вы сябе адчуваеце больш украінцам або іспанцам?

— Добрае пытанне. Жыву ў Іспаніі 30 гадоў, калі не браць працу. Менталітэт змяніўся. Але ў душы я ўкраінец. Нарадзіўся, вырас. І вайна абвастрыла ўсе пачуцці, звязаныя з радзімай. Ведаеце, раней я думаў, што ва ўкраінцаў, расіян, беларусаў вельмі шмат агульнага. Усе з СССР. Але цяпер выдатна зразумеў, што ёсць вялікая розніца паміж намі і тымі, хто напаў на Украіну.